Асцярожная надзея сірыйскіх хрысціянаў

Касцёл св. Францішка Асізскага ў Алепа, Сірыя

У адной з калысак хрысціянства, Сірыі, напрыканцы 2024 года пасля працяглай грамадзянскай вайны змяніліся ўлады. На замену свецкаму, але аўтарытарнаму кіраванню сям’і Асадаў прыйшлі мусульманскія групоўкі з радыкальным мінулым. Як у гэтых абставінах жывуць сірыйскія хрысціяне – у нашым матэрыяле.

Пра хрысціянства ў Сірыі распавядае яшчэ Біблія. Менавіта па дарозе ў сталіцу краіны Дамаск навярнуўся ганіцель хрысціянаў Саул, каторы затым стаў вядомы як апостал Павел.

Доўгія стагоддзі сірыйскія хрысціяне адыгрывалі значную ролю ў гісторыі Касцёла, актыўна ўдзельнічалі ў саборах. З гэтай усходняй краіны паходзіла ажно пяць Папаў Рымскіх: Аніцэт (157–168), Ян V (685–686), Сергій I (687–701), Сізіній (708) і Рыгор III (731–741).

Але мусульманскае заваяванне Сірыі ў VII ст. моцна ўдарыла па пазіцыях хрысціянстве ў краіне. Хрысціяне зазнавалі абмежаванні ў правах, у распаўсюдзе сваёй веры і зведалі самыя сапраўдныя ганенні. Тым не менш, у 2011 годзе іх доля ў насельніцтве яшчэ складала каля 10%, або 1,5 млн чалавек.

Само сірыйскае хрысціянства моцна падзеленае паміж сабою. Найбуйнешай хрысціянскай супольнасцю з’яўляецца праваслаўны Антыяхійскі Патрыярхат. Таксама тут вялікую прысутнасць маюць старажытныя ўсходнія цэрквы – Сірыйская Якабіцкая, Асірыйская і Армянская Апостальская. Каталіцкі Касцёл найбольш прадстаўлены ўсходнімі – уніяцкімі – цэрквамі: Мелькіцкай, Мараніцкай, Сірыйскай, Армянскай і Халдэйскай. Ёсць таксама і супольнасці лацінскага абраду ды пратэстанты.

Падзеленыя вайной хрысціяне

У 2011 годзе ў Сірыі пачаліся пратэсты супраць рэжыму Башара Асада, які атрымаў уладу ў спадчыну ад свайго бацькі Хафэза Асада, што кіраваў краінай яшчэ з 1970 года. Сутыкнуўшыся з рэпрэсіямі, апазіцыя ў Сірыі радыкалізавалася, і пачалася грамадзянская вайна. Значную ролю ў ёй адыгралі ісламісцкія групоўкі, незадаволеныя як свецкасцю рэжыму Асадаў, гэтак і тым, што яны належалі да канфесіі алавітаў і аддавалі перавагу сваім аднаверцам, якіх шмат хто нават не лічыць мусульманамі.

Грамадзянская вайна падзяліла і сірыйскіх хрысціянаў. Напрыклад, старшынёй апазіцыйнай Сірыйскай нацыянальнай рады ў 2012-2018 гадах быў праваслаўны Джордж Сабра. У той жа час міністрам абароны Асада на самым пачатку вайны ў 2011-2012 гадах быў праваслаўны Дауд Раджыха, а асадаўскі парламент з 2017 года па 12 снежня 2024 года ўзначальваў асірыец Хамуда Сабаг. Царкоўныя іерархі праводзілі малебны за дабрабыт Асада, а ў цэрквах часам нават вешалі яго партрэты, якія цяпер адтуль прыбралі. Хрысціянскія ж інтэлектуалы ў 2014 годзе ў звароце да нацыі абвінавацілі рэжым Асада ў катаваннях і забойствах людзей, у бамбардзіроўках мірных кварталаў і ў ператварэнні цэркваў у прапагандысцкі аддзел улады.

У часы грамадзянскай вайны моцны ўдар па сірыйскіх хрысціянах нанесла трэцяя сіла – Ісламская дзяржава, варожая як да Асада, гэтак і да апазіцыі, што спрабавала пабудаваць халіфат на Блізкім Усходзе. Найбольш з пераследам сутыкалася асірыйская хрысціянская супольнасць: яе прадстаўнікі станавіліся ахвярамі тэрактаў, выкраданняў і масавых экзекуцый. У 2013 годзе былі выкрадзеныя іерархі Алепа – арцыбіскуп Сіра-Якабіцкай царквы Рыгор Ян Ібрагім і праваслаўны мітрапаліт Павел Язіджы, а таксама італьянскі езуіт Паола Дал’Ольё. Іх целы так і не знайшлі, пры гэтым выказваліся розныя меркаванні адносна таго, хто стаяў за выкраданнем, – ад ісламістаў да асадаўцаў, якіх яны крытыкавалі.

У 2023 годзе Сірыя ў пытаннях свабоды веравызнання, паводле Freedom House, мела толькі два балы з чатырох, як з прычыны пагрозы тэрарыстычных атакаў, гэтак і з нагоды абмежаванняў рэлігіі, уведзеных уладамі. Хрысціянская арганізацыя Open Doors ставіла Сірыю на 12-е месца сярод тых краінаў, дзе найгорш жывецца хрысціянам. У выніку пераследаванняў і масавай эміграцыі доля хрысціянаў у краіне скарацілася ў пяць разоў у параўнанні з даваенным 2011 годам. Станам на 2022 год іх тут налічвалася каля 300 тыс., або каля 2%.

Новыя ўлады і новыя выклікі

У снежні 2024 года ўлада Асадаў у Сірыі пала ў выніку імклівага наступу паўстанцаў. Да ўлады прыйшла арганізацыя «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) на чале з Абу Мухамадам аль-Джулані, якія паспелі паваяваць і за Ісламскую дзяржаву, і за «Аль-Каеду». Праўда, у апошнія гады яны старана выбудоўвалі імідж больш свецкіх, хоць і кансерватыўных сілаў.

Яшчэ да прыходу да ўлады ва ўсёй Сірыі ХТШ у падкантрольнай ім правінцыі Ідліб з 2021 года пачалі вяртанне рэлігійным мяншыням, у тым ліку хрысціянам, канфіскаванай маёмасці, ладзілі рэгулярныя сустрэчы са святарамі. У 2022 годзе ў Ідлібе пачалі адкрываць цэрквы і касцёлы, а ў іх сталі цэлебравацца святыя Імшы. Абараняць хрысціянаў ад пераследу абяцаў асабіста аль-Джулані. За гэтую «недастатковую мусульманскасць» ХТШ моцна крытыкавалі прадстаўнікі «Аль-Каеды». А ксёндз-францішканін Ханна Сэлуф казаў, што хрысціяне ў Ідлібе маюць поўную рэлігійную свабоду практыкаваць свае абрады і вызнаваць сваю веру.

Спрабуюць супакоіць хрысціянаў ХТШ і пасля прыходу да ўладу ў снежні 2024 года. «Мы просім супакоіцца ўсім канфесіям… Бо эпоха сектанцтва і тыраніі сышла назаўжды», – заявіў пасля падзення рэжыму Асада прэс-сакратар сірыйскіх паўстанцаў Хасан Гані.

У першыя дні снежня нават распаўсюджваліся звесткі, што рымска-каталіцкі біскуп Ханна Джалуф можа стаць новым мэрам Алепа – другога паводле насельніцтва горада Сірыі. Праўда, у кіраўніцтве касцельных уладаў зняпраўдзілі гэта, адзначыўшы, што «ўмешванне ў палітыку не ёсць місіяй Касцёла». Сам жа горад дагэтуль не мае свайго кіраўніка.

Тым не менш, мінулае ХТШ працягвае насцярожваць мясцовых хрысціянаў. Часам небеспадстаўна. Гэтак, напярэдадні Божага Нараджэння група баевікоў падпаліла калядную елку ў горадзе Сукайлябія ў правінцыі Хама. Праз гэта ў Хаме і Дамаску прайшлі дэманстрацыі хрысціянаў з заклікамі гарантаваць іх правы і спыніць напады на цэрквы і супольнасці. Іх ніхто не разганяў, а ўлады краіны асудзілі напад і паабяцалі яго расследаваць. Ёсць сутычкі хрысціянаў з мусульманамі з узаемнымі абвінавачваннямі і на побытавым узроўні.

Новыя ўлады Сірыі ўжо зладзілі сустрэчы з хрысціянскімі лідарамі, у тым ліку з аль-Джулані ў прэзідэнцкім палацы ў Дамаску сустрэліся каталіцкія біскупы і францішкане з Кустодыі Святой Зямлі. Заступіцца за хрысціянаў Сірыі прэзідэнта Турэччыны, саюзнай новым сірыйскім уладам, прасіў і Канстанцінопальскі Патрыярх Варфаламей. А Папа Францішак падчас свайго каляднага звароту маліўся за сірыйскіх хрысціянаў, падкрэсліваючы іх хісткую будучыню.

У сумеснай заяве, апублікаванай 29 снежня, лідары Цэркваў Сірыі звярнуліся «ў гэты гістарычны момант» «да грамадскасці з пасланнем любові і надзеі». Яны падкрэслілі прыхільнасць да нацыянальнага дыялогу, эканамічнага аднаўлення і канстытуцыйнай рэформы, заклікаўшы міжнародную супольнасць адмяніць эканамічныя санкцыі. «Хрысціяне павінны скарыстацца гэтай магчымасцю, каб прыняць удзел у аднаўленні Сірыі і прапагандзе такіх каштоўнасцей, як правы чалавека і свабода», – сказаў Vatican News кардынал Марыё Дэнары, Апостальскі нунцый у Сірыі.

Тым не менш, нягледзячы на некаторую пазітыўную рыторыку, засцярогі хрысціянаў захоўваюцца. Здольнасць новага кіраўніцтва абараняць іх і спрыяць інклюзіўнасці застаецца невідавочнай. У выніку хрысціяне вымушаныя балансаваць паміж надзеяй на інтэграцыю і страхам маргіналізацыі, адзначае Christian News.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку