Асабістае пацвярджэнне адзінству вернасці Марыі здзейснілі легіянеры ў Глыбокім

13 красавіка 2024 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбыўся ўрачысты штогадовы сход легіянераў Марыі «Acies». Актыўныя і дапаможныя чальцы асабіста аднавілі прысягу на вернасць Каралеве Легіёну.

«Acies» – лацінскае слова; так называлася войска ў баявым стане, і гэта назва добра падыходзіць да азначэння цырымоніі, падчас якой легіянеры збіраюцца разам і аднаўляюць прысягу на вернасць Дзеве Марыі, Каралевы Легіёна, каб атрымаць ад Яе сілу і бласлаўленне на далейшую барацьбу супраць моцы зла.

На сустрэчу сабраліся легіянеры з Дзеркаўшчыны, Дунілавіч, Сітцаў і Глыбокага. Святую Імшу цэлебраваў кс. канонік Валерый Орсік, пробашч Дзеркаўшчынскай парафіі, які з’яўляецца духоўным кіраўніком “воінаў Марыі” Глыбоцкай курыі. Падчас гаміліі святар разважаў пра апостальскае служэнне свецкіх. “Легіянер падараваў сваё сэрца Багародзіцы праз сваё служэнне, часам незаўважнае, але Бог усё бачыць. Вы выконваеце велізарную работу, бо ўдзельнічаеце ў плане збаўлення”, — падкрэсліў кс. канонік.

На заканчэнне святар пажадаў “не баяцца вызнаваць Езуса Хрыста, нават у тым асяроддзі, дзе будзеце апляваныя, раскрытыкаваныя і пагарджаныя, каб заўсёды быў прыкладам Хрыстус, Які ўсё сцярпеў, але ўваскрос. Уваскрос, каб і я мог быць побач з Ім, уваскрос, каб я мог жыць Ім, уваскрос, каб і я ўваскрос».

Сустрэчу ўдзельнікі руху прадоўжылі ў парафіяльным доме за кубачкам гарбаты і пачастункамі, абмеркавалі падзеі з жыцця Легіёну і паразмаўлялі аб будучых планах.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

Даведка (паводле marialegionis.blogspot.com)

Легіён Марыі – гэта самая вялікая апостальская арганізацыя свецкіх католікаў, якая дзейнічае практычна ў кожнай краіне свету і налічвае больш за 3 млн актыўных і каля 10 млн дапаможных легіянераў.

Легіён Марыі мае на мэце абвяшчэнне хвалы Божай і імкненне да асабістай святасці праз малітву і апостальскую працу. Легіянеры заўсёды ідуць удвух як да няверуючых так і да ахрышчаных, якія страцілі сэнс веры і прысутнасці ў Касцёле. Арганiзацыя заснавана Фрэнкам Дафам у Дубліне 7 верасня 1921 года напярэдадні свята Нараджэння Багародзіцы. Легіён Марыі быў усхвалены 7 апошнімі Папамі і падтрыманы Другім Ватыканскім Саборам.

Мэта Легіёна Марыі — праслаўленне Бога і асвячэнне членаў Легіёну праз штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы і практычнае выкананне апостальскай працы. Легіянер Марыі штодзённа чытае абавязковую малітву (tessera). У яго духоўным жыцці важную ролю адыгрывае ружанцовая малітва. Палаючы апостальскім духам здабывання душаў для Хрыста, легіянер імкнецца скарыстаць з удзелу ў святой Імшы і ў буднія дні, з Літургіі гадзінаў, з чытання Святога Пісання, з духоўных чытанняў; а на працягу года прымае ўдзел у закрытых рэкалекцыях, пілігрымках, злётах, днях духоўных сустрэч або іншых супольных набажэнствах. Знаходзячыся пад апекаю духоўнага кіраўніка і маючы яго святарскае благаславенне, легіянер Марыі не адступае ні перад адным апостальскім заданнем. Углядаючыся ў крыж Хрыста, які збавіў свет, легіянер ведае, які кошт збаўлення кожнай душы. Трымаючыся Беззаганнай Маці і наследуючы Яе пакору, ён ідзе з Ёю на заданне, каб прывесці кожную душу да Хрыста. Ідзе да хворых, каб падрыхтаваць шлях святару, які прынясе Віятык, разам з іншымі легіянерамі наведвае духоўна занядбаных парафіянаў.

У Беларусі гэты рух пачаў дзейнічаць з 1994 года і зараз працуе ў Баранавічах, Маладзечне, Віцебску, Гродне, Брэсце, Магілёве, Мазыры, Лельчыцах, Барысаве, Лідзе, Глыбокім, Вілейцы, Стаўбцах, Жодзіне, Хойніках, Пінску, Смаргоні і г. д.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі