Аргенціна рыхтуецца да гадавіны смерці Папы Францішка

Каталіцкі Касцёл у Аргенціне рыхтуе маштабныя мерапрыемствы да першай гадавіны смерці Папы Францішка, каб ушанаваць яго духоўную спадчыну і шматгадовае служэнне.

Біскупы Аргенціны абвясцілі пра планы малітоўнага ўшанавання памяці свайго славутага суайчынніка. Цэнтральнай падзеяй стане ўрачыстая святая Імша, якая пройдзе 21 красавіка 2026 года – непасрэдна ў дзень першай гадавіны смерці Пантыфіка.

Месцам агульнанацыянальнай малітвы абрана знакавая Базіліка Маці Божай з Лухана, дзе збяруцца іерархі з усёй краіны, каб узнесці падзяку за жыццё чалавека, які кіраваў супольнасцю ў 1,4 мільярда католікаў.

Акрамя цэнтральных урачыстасцей, памяць Папы Францішка будзе ўшанавана ва ўсіх кутках яго Радзімы. Мясцовы епіскапат паведаміў, што ў нядзелю, 26 красавіка 2026 года, ва ўсіх дыяцэзіях краіны пройдуць памятныя сустрэчы і набажэнствы. Гэтыя мерапрыемствы закліканы актуалізаваць вучэнне памерлага Пантыфіка і яго ўплыў на сучасны свет.

Францішак адышоў у вечнасць у 2025 годзе ў Велікодны панядзелак. Яго пантыфікат стаў эпохай асаблівай увагі да “перыферый” і міласэрнасці, што пакінула значны след у гісторыі Касцёла XXI стагоддзя.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку