13 чэрвеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Антонія Падуанскага. Святкаванне ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, для якога Адэльск з’яўляецца малой радзімай.
Гэты парафіяльны адпуст збірае вялікую колькасць вернікаў з усяго наваколля, таму святая Імша з гэтай нагоды цэлебруецца звонку. Традыцыйна гэтае свята дзеліцца на дзве часткі: сакральная – Імша з працэсіяй, а затым свецкая, на спецыяльнай пляцоўцы – культурна-забаўляльныя мерапрыемствы: выступленні харавых калектываў, латарэі, гульні і інш.
У гаміліі на ўрачыстай Імшы ў межах святкавання арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў асобу Антонія Падуанскага як чалавека глыбокай веры, добра адукаванага біблеіста, славутага прапаведніка, цудатворцу, дабрачынца і апекуна ў пошуку згубленых рэчаў.
Разважаючы, чаму можа гэты сярэднявечны святы навучыць сучасных людзей, іерарх адзначыў, што, як праблемай з’яўляецца згубіць нейкую рэч, так яшчэ большай праблемай – згубіць веру, а гэта, па яго словах, мы бачым кожны дзень. “У нас больш касцёлаў і магчымасцяў для развіцця веры, але, на жаль, яна з кожным днём слабее. Сучасны чалавек усё часцей жыве так, як быццам Бог увогуле не існуе. А калі няма Бога і Яго закону, то ўсё дазволена, – сказаў іерарх. – Створаны Богам свет перавярнуўся з ног на галаву”.
У якасці прыкладу ён нагадаў пра “нябачаны дагэтуль крызіс сям’і і Божага дару жыцця”, “заняпад маралі”, “прапаноўванне сатанінскіх справаў сродкамі масавай інфармацыі замест таго, каб прапагандаваць Божыя праўды”, “наркаманію, якая дадаецца да традыцыйнай бяды алкагалізму”, “несправядлівасць, войны і тэрарыстычныя акты”. “Сапраўды, гэтак свет ідзе да самазнішчэння”, – падвёў вынік арцыбіскуп. Ён падкрэсліў, што чалавечае жыццё – “поле бітвы, дзе злы дух змагаецца з Богам, які ўдзельнічае ў гісторыі, каб аднавіць яе”, і Божым дарам з’яўляецца прысутнасць святога Антонія ў гэтай гісторыі.
Арцыбіскуп дадаў, што толькі Хрыстус можа выратаваць сучасны свет, а да Яго вядуць святыя, у тым ліку Антоній Падуанскі. “Сваім прыкладам святы Антоній заахвочвае нас жыць так, каб не замяняць Бога матэрыяльнымі рэчамі, задавальненнямі і ідаламі, – патлумачыў іерарх. – Таму неабходна прасіць яго суправаджаць нас у жыцці, асабліва ў пошуку страчанай ці аслабленай веры”.
Таксама на гэтай літургіі арцыбіскуп удзяліў групе моладзі сакрамэнт канфірмацыі. Іерарх заклікаў яе браць прыклад са св. Антонія, які не пакіне людзей, абароніць і дапаможа жыць моцнай верай, неабходнай для збаўлення.
Пасля Імшы адбылася адмысловая эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. На заканчэнне ўрачыстасці пробашч кс. канонік Віктар Мыслюк падзякаваў усім шматлікім прысутным за ўдзел у святкаванні.
для друку