3 лістапада ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску – на сваёй малой радзіме – арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу падзякі за 35 гадоў біскупскага служэння.
На літургіі ў парафіяльным касцёле сабраліся святары, шматлікія мясцовыя вернікі і госці.
Пробашч кс. канонік Віктар Мыслюк, вітаючы прысутных, назваў вялікім гонарам для Адэльска тое, што сын гэтай зямлі стаў біскупам – наступнікам апосталаў. Святар дадаў, што адэльскія вернікі памятаюць пра арцыбіскупа Кандрусевіча, свайго земляка, у малітвах, асабліва калі моляцца перад цудадзейным абразом св. Антонія Падуанскага, якога вельмі шануюць у гэтай парафіяльнай супольнасці.
Арцыбіскуп эмерыт падкрэсліў у гаміліі, што яго прызначэнне першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам у Беларусі стала падзеяй, дзякуючы якой Адэльск стаў вядомы ва ўсім Паўсюдным Касцёле. Перад Імшой ён у знак таго, што ўсё гэта распачалося тут, пры ўваходзе ў касцёл падышоў да хрысцільніцы, у якой быў ахрышчаны, памаліўся перад ёй і пацалаваў.
Таксама іерарх падзякаваў у гаміліі сваім бацькам, блізкім і ўсім адэльчанам за прыклад жывой веры і ўплыў на яго хрысціянскае выхаванне, што асабліва праявілася ў часы ганенняў на рэлігію. “Не было б вас – не было б і мяне”, – падкрэсліў ён.
Іерарх нагадаў, што з адэльскай парафіі паходзяць чатыры біскупы. Тры першыя жылі ў XVII-XVIII стагоддзях, усе яны, кожны ў свой час, былі біскупамі Смаленска і ўсе пахаваныя ў віленскай катэдры. Арцыбіскуп назваў гэта вельмі сімвалічным, дадаўшы, што жыццё яго самога звязана з Вільняй і ў яго юрысдыкцыю ў час працы ў Расіі таксама ўваходзіў Смаленск. Па яго словах, гэтыя чатыры іерархі даюць права назваць Адэльск біскупскім горадам.
Таксама ён нагадаў, што біскуп – стражнік веры, хрысціянскіх звычаяў, касцёльнай традыцыі і дысцыпліны. Кажучы пра тое, што задача біскупа – абвяшчаць заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова, іерарх назваў гэта “вельмі важным у наш час адыходу людзей ад Бога”: “змяняюцца часы і звычкі, але праўда Евангелля застаецца нязменнай і яе неабходна абвяшчаць і ажыццяўляць, каб чалавек не заблудзіўся ў грахоўнай цемры”.
Іерарх дадаў, што біскуп разам са сваімі святарамі павінен асвячаць Божы народ праз цэлебрацыю сакрамэнтаў згодна з устаноўленымі Касцёлам нормамі; дбаць пра захаванне літургічнай дысцыпліны, бо літургія – вяршыня Божага культу; кіраваць дыяцэзіяй у духу служэння людзям. “Біскуп не валадар душаў, а іх слуга, таму ён павінен ведаць водар сваіх вернікаў, каб належным чынам ім служыць”, – заўважыў у сувязі з гэтым арцыбіскуп эмерыт.
Акрамя гэтага, адзначыў ён, біскуп павінен мець бачанне развіцця даручанай яму дыяцэзіі і адказу на выклікі часу, “быць не статычным, а дынамічным”. У сувязі з гэтым іерарх прывёў словы Папы Францішка, сказаныя на завяршэнне нядаўняга Сіноду Біскупаў, што “сучасныя выклікі патрабуюць Касцёла, які не стаіць на месцы, а ідзе наперад”. Такім чынам, дадаў арцыбіскуп эмерыт, “біскуп у духу служэння кіруе мясцовым Касцёлам у імя Бога Айца, якога прадстаўляе, у імя Езуса Хрыста, чые настаўніцкія, святарскія і пастырскія функцыі выконвае, і ў імя Святога Духа, які ажыўляе Касцёл і сваёй ласкай выпраўляе нашыя слабасці”. Кола задач біскупа шырокае, задачы гэтыя адказныя, і “без Божай дапамогі выканаць іх немагчыма”.
Арцыбіскуп падзякаваў беларускім і расійскім іерархам і іншым святарам, кансэкраваным асобам і землякам-адэльчанам за малітвы ў яго інтэнцыі ў спрыяльныя і складаныя для яго часы, перапрасіў за недасканаласці ў сваім служэнні і папрасіў маліцца ў яго інтэнцыі на яго далейшае плённае служэнне Богу і людзям.
Сваім землякам іерарх пажадаў заўсёды заставацца вернымі Богу, традыцыі бацькоў і жыць праўдай Евангелля – “праўдай, якая ніколі не змяняецца і вядзе да свабоды духу”. Таксама ён заахвоціў маліцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, падкрэсліўшы, што з гэтых пакліканняў “могуць вырасці як новыя біскупы, так і новыя пробашчы”. Арцыбіскуп заклікаў “ісці наперад у імя Езуса, які, як найлепшы GPS, будзе бяспечна весці ў порт вечнага шчасця”.
Пасля Імшы мясцовыя вернікі павіншавалі свайго земляка, а дзіцячы хор з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай, пробашчам якой арцыбіскуп быў раней, выступіў з канцэртам.
для друку