Падчас пастырскай сустрэчы для духавенства і кансэкраваных асоб, якая адбылася ў Мёрах, стала вядома, што з бласлаўлення біскупа Алега Буткевіча ў Віцебскай дыяцэзіі распачаў дзейнасць рух Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ).
З гэтай нагоды “Каталіцкі Веснік” вырашыў даведацца падрабязней пра гэты рух і паразмаўляў са спадарыняй Алінай Новікавай, аніматаркай, якая адказная за рух.
Пра ўзнікненне руху і яго дзейнасць спадарыня Аліна распавядае: “Апостальства дапамогі душам чыстцовым – духоўная сям’я Кангрэгацыі сясцёр памочніц душ чыстцовых (заснавальнік бл. Ганарат Казьмінскі), заснаваная сёстрамі амаль трыццаць гадоў назад. Першымі ініцыятарамі Апостальства свецкіх былі жанчыны, якія страцілі дарослых ужо дзяцей і, усведамляючы патрэбу малітоўнай дапамогі ўсім памерлым, папрасілі сясцёр арганізаваць малітоўную супольнасць, а таксама пачалі заахвочваць да гэтай справы іншых. Рух гэты вельмі хутка распаўсюдзіўся па парафіях Польшчы і налічвае сёння дзясяткі тысяч католікаў. Асноўная харызма гэтага руху — дапамагаць памерлым, якія церпяць у чыстцы, — малітвай, ахвяраваннем цярпенняў, міласцінай і добрымі ўчынкамі.
Аніматарка адзначае, што на сённяшні дзень у Беларусі да Апостастальства належаць каля 6 тысяч вернікаў.
“Першымі ў нашай краіне, хто далучыўся да Апостальства, былі вернікі з парафій Гродзенскай дыяцэзіі, якія пачалі маліцца яшчэ з 1995 года. Потым далучыліся вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі”, – гаворыць спадарыня Аліна.
“Сёстры Кангрэгацыі і ўсе сябры Апостальства вельмі ўзрадаваліся, што біскуп Алег Буткевіч падтрымаў просьбу пра распаўсюджванне яго ў Віцебскай дыяцэзіі і прызначыў адказнага святара за гэты малітоўны рух – айца Лукаша Красінскага SDS”, – адзначае яна і выказвае надзею, што на Віцебшчыне вернікі, манахіні і святары актыўна падтрымаюць гэтую малітоўную місію.
Спадарыня Аліна падкрэслівае: “Калі нашы родныя паміраюць, то кожны з нас спадзяецца, што яны будуць шчаслівыя ў вечнасці. Але наша зямное жыццё – гэта час таксама Божай міласэрнасці для нас, які заканчваецца ў момант нашай смерці. Наша вечнасць залежыць ад таго, як кожны з нас пражывае сваё жыццё на зямлі. Менавіта пасля смерці пачынаецца час Божай справядлівасці – так вучыць Каталіцкі Касцёл: «Смерць – гэта канец зямнога пілігрымавання чалавека, часу ласкі і міласэрнасці, падараванага Богам, каб рэалізаваць зямное жыццё згодна з Божаю задумаю і вызначыць свой канчатковы лёс» (пар. ККК 1013). Мы не ведаем, хто з нашых родных памерлых ужо радуецца небеснай хвале, а хто яшчэ церпіць у чыстцы. Усім нам трэба памятаць пра часовасць зямнога жыцця і нястомна клапаціцца, каб жыццё нашае не было бессэнсоўным і не скончылася вечнаю згубаю”.
“Кожны дзень мы чуем сумную інфармацыю пра нечаканую смерць мноства людзей у выніку розных катастроф, войнаў, тэрактаў, рознага роду аварый і няшчасных выпадкаў. Наўрад ці ўсе гэтыя людзі належным чынам былі падрыхтаваны да такога нечаканага адыходу ў іншы свет існавання і да сустрэчы з Панам Богам. Малітоўная падтрымка вельмі патрэбна і ўсім канаючым, бо менавіта ў момант смерці, як лічаць многія багасловы, часта вырашаецца лёс чалавека ў вечнасці, – міласэрны Бог чакае навяртання грэшніка да апошняга яго ўздыху. Таму так важна маліцца пры канаючых”, – дадае яна.
Усіх вернікаў удзельніца Апостальства заахвочвае да малітвы за памерлых: “Набліжаецца лістапад – месяц асаблівых малітваў за нашых родных і блізкіх памерлых. Аднак, не лянуйцеся маліцца за нашых памерлых і душы чыстцовыя кожны дзень. Яны цярпліва чакаюць нашай падтрымкі – падтрымкі малітвай, ахвяраваннем сваіх цярпенняў, працы, цяжкасцяў. Засяроджаная малітва – ўсяго толькі на працягу некалькі хвілін – не зробіць нам клопатаў, але прынясе палёгку душам, якія аддзячаць сваім заступніцтвам. Заахвочваю далучацца да Апостальства дапамогі душам чыстцовым, каб разам выпрошваць для іх неба”.
Варта адзначыць, што да руху Апостальства можа належаць кожны практыкуючы католік (незалежна ад становішча і ўзросту), які прагне несці дапамогу душам чыстцовым.
Той, хто вырашыў далучыцца да Апостальства дапамогі душам чысцовым, павінен запоўніць і асабіста падпісаць «Анкету ўдзельніка», якая знаходзіцца на сайце apostalstva.by. Перадаць яе можна пробашчу Вашай парафіі або раздрукаваць і самастойна даслаць на адрас:
Аліне Новікавай
а/с 101
220002 г. Мінск-2
Гутарыла Ірына Грэйць
