Аўгусцін – гэта, напэўна, адзін з самых вядомых айцоў Касцёла. З іншага боку, вакол яго кружыць шмат легендаў. Паводле адной з іх, ён спачатку вельмі сур’ёзна зграшыў, а потым раптоўна навярнуўся і імгненна стаў святым. Да Аўгусціна некаторыя вучоныя ставяцца неадназначна, падкрэсліваючы яго “знакамітыя” памылкі, якія ён рабіў, асабліва ў сваім вучэнні пра ролю жанчыны і яе падпарадкаваным месцы ў адносінах да мужчыны, або аб перадвызначэнні чалавека Богам да вечнага збаўлення ці асуджэння. Аднак нельга адмовіць яму ў тым, што ён аказаў вялікі ўплыў на жыццё Касцёла і сапраўды быў унікальным чалавекам.
Пачаткі жыцця і палітычнай кар’еры
Аўгусцін нарадзіўся ў Паўночнай Афрыцы ў рымскай сям’і і атрымаў добрую адукацыю. Спачатку ён вучыўся ў сваім родным горадзе Тагасце, потым – у суседнім Мадаўры, а затым, ва ўзросце 16 ці 17 гадоў, быў адпраўлены дбайнымі бацькамі на “сур’ёзнае навучанне” ў Карфаген. Там ён вывучаў рыторыку, што тады было раўназначна пачатку палітычнай кар’еры. У старажытнасці чалавек вучыўся прамаўляць, каб быць палітыкам, уплываць на сацыяльныя структуры, апраўдваючы надзеі людзей. Пасля атрымання добрай рытарычнай адукацыі Аўгусцін пачаў працаваць у Карфагене, але потым, усё яшчэ прагнучы здабыцця далейшых ведаў і прасоўвання па кар’ернай лесвіцы, ён адправіўся ў Рым, а адтуль – у Мілан.
У пошуках сэнсу жыцця
Палітычная кар’ера Аўгусціна была цесна звязаная з пошукамі сэнсу жыцця і фундаментальных адказаў на пытанні, неабходныя для таго, каб дзейнічаць у гэтым свеце. Першапачаткова ён схіляўся да маніхейства. Гэта была філасофская і рэлігійная сістэма, якая яго вельмі прыцягвала. Ён нават стаў слухачом у супольнасці маніхеяў і ўсё больш і больш уцягваўся ў гэты рух, што выклікала вялікі канфлікт з яго маці Монікай, каторая была пабожнай хрысціянкай. Яго бацьку гэта не вельмі кранала, бо ён быў язычнікам. Таму бацьку асабліва не цікавілі вялікія філасофскія пытанні.
Аднак у Мілане адбыўся пералом у жыцці юнака. Аўгусцін упершыню пачуў якаснае хрысціянскае вучэнне ад біскупа Амброзія, які прайшоў падобны да яго шлях – ад палітычнай кар’еры да служэння Касцёлу. Менавіта тады патрабавальны малады чалавек пачаў цаніць хрысціянства.
“Шукаю я Цябе, мой Бог…”
Спачатку Аўгусцін пазбягаў вучэння Хрыста па прычыне таго, што кнігі Святога Пісання перакладаліся неякасна, на вельмі дрэнную лацінскую мову. Будучы адукаваным рыторыкам, ён не мог сцярпець гэтай простай, “грубай” лаціны, пазбаўленай рытарычнай прыгажосці і літаратурнага мастацтва. Таму Аўгусцін лічыў, што ў святых тэкстах хрысціян нельга знайсці нічога цікавага. І толькі казанні і катэхезы Амброзія, таксама вельмі адукаванага чалавека, адкрылі яго сэрца і розум на хрысціянскае вучэнне. Менавіта тады адбылося яго знакамітае навяртанне.
Аднойчы ноччу ў Рыме ён пачуў, як нейкае дзіця спявае: “Tolle, lege! Tolle, lege!” (“Бяры, чытай!”). Ён падумаў, што гэта нейкая невядомая яму дзіцячая гульня, але потым зразумеў, што гэта быў покліч сэрца, які падштурхоўваў яго адкрыць святыя тэксты. Аўгусцін тады ўжо меў дома Пасланні апостала Паўла. Адкрыўшы выпадковую старонку, ён трапіў на фрагмент Паслання да Рымлянаў, дзе было напісана: “…не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці, але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста…” (Рым 13, 13-14). У гэты момант ён цалкам звярнуўся да слова Божага і Хрыста, хоць, як ён сам вызнае, адбылося гэта ў яго жыцці дастаткова позна: “Позна я цябе палюбіў, прыгажосць, такая старажытная і новая, позна я цябе палюбіў! Ты быў унутры мяне, а я звонку… Ты быў са мной, а я не быў з Табой… Але Ты мяне клікаў і Твой вокліч перамог маю глухату” (Споведзь X, 27.38).
Барацьба з самім сабой
Нягледзячы на шчырае навяртанне, звычкі да граху ў Аўгусціна засталіся, пра што ён сведчыць у сваім бадай што самым знакамітым творы “Споведзь”. У ім ён распавядае пра сваю барацьбу з грахоўнымі звычкамі. У той час Аўгусцін адчуваў моцныя дакоры сумлення і ведаў, што паводзіць сябе дрэнна. І тады, паводле яго сведчання, Бог забраў у яго пажаданне граху, але ўсё ж некаторы час заставалася моцная прывязанасць да злога. Змагаючыся з самім сабой, юнак праходзіў чарговыя этапы катэхуменату, але ўрэшце прыняў хрост з рук міланскага біскупа Амброзія і, калі далучыўся да жыцця Касцёла, радыкальна змяніў сваё жыццё. Гэтыя перамены былі звязаныя як з яго ўласнымі рашэннямі, так і некаторымі знешнімі абставінамі, напрыклад, са смерцю яго сына Адэадата.
Канфлікт з маці Монікай паўплываў на тое, што ён павінен быў пакінуць жанчыну, з якой жыў без шлюбу. У тыя часы было чымсьці недарэчным і непрыгожым для мужчыны, які ўздымаўся па сацыяльнай лесвіцы, мець зносіны з жанчынай з ніжэйшых сацыяльных пластоў. Таму маці Аўгусціна моцна ціснула на яго, каб ён пасяліўся на сталым месцы і стварыў нармальную сям’ю. Сын паслухаў яе і зрабіў так, як яна прасіла. Пасля гэтага Моніка неўзабаве памерла.
Непахісны аўтарытэт біскупа Гіпонскага
Пасля смерці маці Аўгусцін вырашыў вярнуцца ў Паўночную Афрыку. Ён пасяліўся ў Гіпоне і там пачаў весці манаскае жыццё. Аднак, паколькі мясцовы біскуп быў сталым чалавекам, ён пераканаў Аўгусціна ўключыцца ў пастырскую працу. Нягледзячы на тое, што ён хацеў весці жыццё, прысвечанае вывучэнню ісцін веры, малітве і даследаванню Божага слова, урэшце прыняў святарскае, а затым і біскупскае пасвячэнне і стаў біскупам Гіпонскім. Яго мінулае было прычынай таго, што ён ніколі не быў пераведзены на больш важную пасаду, але яго аўтарытэт і так быў велізарны. Фактычна ўсе спрэчкі, якія ўзнікалі ў той час, – і адміністрацыйныя, і тэалагічныя, і тыя, каторыя належалі да касцельных схізмаў, – вырашаліся з яго ўдзелам. Да яго парадаў ахвотна прыслухоўваліся. Да таго ж Аўгусцін – надзвычай плённы аўтар. Яго вядомыя працы, такія як “Споведзь”, “Аб горадзе Божым”, “Аб Святой Тройцы”, “Аб хрысціянскім вучэнні”, а таксама манаскія “Правілы” і шмат якія іншыя творы і сёння прамаўляюць і вызначаюць наш шлях жыцця ў духу Хрыста.
Кс. Павел Эйсмант
для друку