Айцы Касцёла. Аўгусцін – манах і душпастыр

Хрысціянства – гэта таксама лад жыцця

Касцёл паўплываў на фарміраванне хрысціянства не толькі сваім вучэннем, але і ладам існавання. Базыль Вялікі і Грыгорый Назіянскі – на Усходзе, Аўгусцін – на Захадзе надалі Касцёлу пэўны стыль пастырскага жыцця. Яны спалучылі манаскае жыццё, якое набірала папулярнасць і станавілася ўдзелам ўсё большай колькасці вернікаў, з душпастырскім служэннем Божай аўчарні. Таксама сёння добры святар – гэта ў пэўнай ступені манах. Ці гэтыя словы – не перабольшанне? Не, бо святар, нягледзячы на ўскладзеныя на яго пастырскія і адміністрацыйныя абавязкі, павінен быць перш за ўсё чалавекам малітвы, які дбае таксама пра збаўленне сваёй душы. Гэта істотная рэч у жыцці чалавека як святара.

Практыка манаскага жыцця

Ужо ў першых стагоддзях хрысціянства фармуецца манаскае жыццё. Хрысціяне ведалі, што Хрыстус павінен прыйсці другі раз і ўвесці праведнікаў у сваё вечнае Валадарства. Яны таксама ведалі, што жыццё ў гэтым свеце толькі часовае, бо наша сапраўдная радзіма знаходзіцца ў нябёсах. Таму хрысціяне павінны быць людзьмі малітвы і чакання другога прыйсця Хрыста, менш уцягнутымі ў справы гэтага свету. Безумоўна, сэнс іх зямнога жыцця не зводзіўся да пабудовы палітычнай кар’еры або набыцця багаццяў, карыстання створанымі дабротамі, а хутчэй, да пошукаў таго, што вечнае, што не мінае, да збірання сабе скарбаў у небе (пар. Мц 6, 19-21). Гэты кірунак жыцця звязаны з манаствам, і мы яго выразна бачым у айцоў Касцёла.

Навяртанне Аўгусціна – гэта не толькі навяртанне ў хрысціянства, далучэнне да супольнасці вернікаў, але гэта навяртанне да жыцця, прысвечанага вывучэнню святых тэкстаў, малітве, дабрачыннасці і братэрскай любові. Калі Аўгусцін навяртаецца і прымае хрысціянскі лад жыцця, яго моцна прыцягвае менавіта манаскае жыццё як дзейсная форма хрысціянскага ўдасканалення. Таму ў 388 г., калі прайшоў толькі год пасля хросту, Аўгусцін перабраўся ў родны Тагаст і там заснаваў першы кляштар. Варта падкрэсліць, што ў разуменні будучага вялікага тэолага манаства – гэта не толькі адасобленасць, няспынная малітва і праца над сабой. Быць манахам, паводле Аўгусціна, – гэта таксама працаваць фізічна, дбаць пра добрае імя кляштара, вывучаць Святое Пісанне і ажыццяўляць дабрачынную дзейнасць.

Цяжар душпастырскага служэння

Касцёл, аднак, чакаў ад Аўгусціна, што ён не толькі будзе клапаціцца пра ўласнае збаўленне, але і пра збаўленне іншых вернікаў. Патрэбна было ў той момант, каб гэты малады хрысціянін не толькі карміў сябе словам Божым, але таксама навучаў людзей ісцінам веры. Іерархі Касцёла хацелі, каб Аўгусцін стаў святаром і як мага хутчэй распачаў пастырскае служэнне сярод людзей, што жывуць вакол яго.

Як раней Грыгорый Назіянскі, так цяпер Аўгусцін сутыкнуўся з пэўнай цяжкасцю. Для яго настаў час рашучага выбару. Ён разумеў адну важную рэч: наколькі глыбока ён будзе ўваходзіць у справы гэтага свету, настолькі далёка будзе адцягвацца ад духоўных спраў. Гэта непазбежная заканамернасць жыцця. Варта нагадаць, што таксама апосталы перажывалі падобную дылему. Калі праблемы ў ерузалемскай супольнасці выклікалі канфлікты паміж габрэямі і эліністамі з-за таго, што першыя аказвалі няўвагу ў дачыненні да ўдоў другіх, апосталы палічылі, што ўцягванне іх саміх у вырашэнне такіх спраў можа прывесці да занядбання імі прапаведавання Божага слова і малітвы. Таму былі вызначаны і пасвечаны мужчыны, місіяй якіх стала асаблівае служэнне хрысціянскай супольнасці. Вядома, размова тут ідзе пра дыяканаў. У Аўгусціна была падобная дылема. Аднак, у рэшце рэшт, ён вырашыў прыняць спачатку святарскае, а затым і біскупскае пасвячэнне.

“Праца на дзве стаўкі”

Біскупу Гіпонскаму, так, як многім іншым айцам Касцёла, удалося сумясціць дзве рэчы – манаскае жыццё і душпастырскае служэнне. Аўгусцін фактычна арганізаваў у сваім біскупскім доме кляштар, у якім існаваў упарадкаваны штодзённы рытм жыцця, уключна з часам, прысвечаным малітве, разважанню і вывучэнню Святога Пісання, а таксама фізічнай працы. У той жа час Аўгусцін мог браць на сябе душпастырскія абавязкі: падарожнічаць, сустракацца, размаўляць з людзьмі, аднаўляць касцельную еднасць паміж бакамі канфліктаў, якімі тады нярэдка былі духоўныя і манаскія асобы, а таксама арганізаваць евангелізацыйную і дабрачынную дзейнасць. Адзначым, што, нягледзячы на неабходнасць “разрывацца” паміж кляштарам і біскупскай “курыяй” (вядома, тады гэта быў яе нейкі прататып, а не біскупская курыя ў сённяшнім разуменні), ён выконваў сваё служэнне належна і старанна. Таму ў 46-й Гаміліі, якая прысвечана пастырам, яе аўтар моцна крытыкуе тых з іх, што “пасуць самі сябе” і не клапоцяцца пра збаўленне авечак. А тых пастыраў, якія самі не вядуць годнае жыццё і даюць дрэнны прыклад пастве па прычыне сваіх грахоў, Аўгусцін называе “забойцамі здаровых авечак”. Як можна лёгка здагадацца, такіх чакае ў вечнасці суровае пакаранне.

Накірунак зададзены

Прыклад Аўгусціна і іншых вялікіх айцоў вызначае напрамак для пастырскага служэння ў Касцёле да сённяшняга дня. Святары і біскупы дагэтуль шукаюць гармонію паміж жыццём, прысвечаным малітве, вывучэннем святых тэкстаў, дасягненнем таго, што ў гэтых тэкстах з’яўляецца духам і мудрасцю Хрыста, і пераказваннем гэтай мудрасці людзям, даручаным іх пастырскай апецы.

Кс. Павел Эйсмант

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі