«Хвала Хрысту! Я ахрышчаная ў праваслаўную веру двойчы. У савецкі час немаўляткам была ахрышчаная дома, але, можа, і не святаром нават, і неафіцыйна… І вось я праваслаўная… Дарослай я паўтарыла абрад у праваслаўі, бо была ўпэўненая, што ўжо прынятую рэлігію змяніць нельга. Але з цягам часу жыццёвыя абставіны пераканалі мяне ў намеры стаць каталічкай, тым больш што, як высвятляецца па ўспамінах, мая прабабуля жыла згодна з каталіцкімі традыцыямі. Мая маці – атэістка, але з павагай ставіцца да касцёла. Я даведалася, што можна ўсё ж такі прыняць каталіцтва. Я з радасцю прайду катэхізацыю, але і тут ёсць пытанні… Я ўжо ў шлюбе, і мой муж – атэіст савецкага выхавання (я, аднак, не кідаю надзеі), ён хоча, каб дзеці выбралі, прыняць хрост ці не, самастойна, а не ў маленстве. Як паставіцца Касцёл да майго намеру прыняць каталіцтва ў сувязі з існым ужо хростам і маім змешаным з пункту гледжання рэлігіі шлюбам? Як я разумею, каталікі вельмі сур’ёзна ставяцца да шлюбу, і мне крыху няёмка, адчуваю сябе дысідэнткай, але менавіта каталіцкая малітва дапамагае мне. Дзякуй.»
Алена
– Хвала на векі!
Вялікі дзякуй, Алена, за пытанне. У Касцёле заўсёды пануе вялікая радасць, калі павялічваецца колькасць яго вернікаў.
Вядома, што Вы, пасля падрыхтоўкі – катэхізацыі – можаце быць прынятыя ў Каталіцкі Касцёл праз вызнанне веры. Пра гэта кажа § 3 канону 112 Кодэкса Кананічнага Права: “Кожны пераход да іншага Касцёла sui iuris мае сілу з моманту абвяшчэння [вызнання веры], зробленага ў прысутнасці Ардынарыя месца гэтага ж Касцёла альбо адпаведнага пробашча, альбо святара дэлегаванага адным з іх і ў прысутнасці двух сведак, калі толькі рэскрыпт Апостальскай Сталіцы не прадугледжвае па-іншаму; і занатоўваецца ў Кнізе ахрышчаных”. Для таго каб прайсці неабходную падрыхтоўку, Вам трэба звярнуцца ў найбліжэйшы да Вас касцёл і паразмаўляць з душпастырам.
Аднак пасля таго, як Вы будзеце прынятыя ў Каталіцкі Касцёл, для ўдзелу ў сакрамантах трэба будзе зрабіць наступны крок – павянчацца з мужам у Касцёле. Бо калі я добра зразумеў з пытання, Вы не маеце сакрамантальнага шлюбу: жывяце як муж і жонка, але не заключылі касцельнага шлюбу. І тое, што Вы называеце “змешаным з пункту гледжання рэлігіі шлюбам”, для Каталіцкага Касцёла з’яўляецца грахом. Якраз з гэтага і вынікаюць праблемы, якія не дадуць Вам магчымасці прыступаць да сакрамантаў Споведзі і Святой Камуніі, пакуль не ўрэгулюеце гэтае пытанне.
Што датычыцца сакраманту Хросту дзяцей, то трэба ўсвядоміць, што Хрост лічыцца момантам духоўнага нараджэння. І тут вельмі важна не спазніцца з хростам дзіцяці, каб яно магло нарадзіцца для ўдзелу ў супольнасці Касцёла.
Клапоцячыся пра кожнага чалавека, Касцёл акрэсліў пэўныя тэрміны, калі неабходна ахрысціць дзіця.
Канон 867 Кодэкса Кананічнага Права кажа наступнае:
“§ 1. Бацькі абавязаны паклапаціцца, каб іх дзеці былі ахрышчаны ў першыя тыдні, як мага хутчэй пасля нараджэння. І нават да гэтага яны павінны пайсці да пробашча, каб папрасіць сакрамант для дзіцяці і адпаведна падрыхтавацца да яго.
§ 2. Калі дзіця знаходзіцца ў небяспецы смерці, то яно павіннна быць неадкладна ахрышчана”.
У 8 нумары Уводзінаў да “Парадку хросту дзяцей” чытаем: «У тым, што датычыць часу ўдзялення хросту, перш за ўсё належыць дбаць пра збаўленне дзіцяці, каб яно не было пазбаўленае ласкі гэтага сакраманту; затым належыць браць пад увагу здароўе маці, каб яна сама, наколькі гэта магчыма, магла пры гэтым прысутнічаць. Нарэшце, калі толькі гэта не будзе перашкаджаць большаму дабру для дзіцяці, трэба браць пад увагу пастырскія патрэбы, гэта значыць, каб было дастаткова часу на падрыхтоўку бацькоў і на належную арганізацыю самога хросту дзеля лепшага выяўлення значэння самога абраду.
Калі дзіцяці пагражае небяспека смерці, яго неадкладна трэба хрысціць”.
Галоўнай місіяй Касцёла з’яўляецца евангелізацыя і хрышчэнне. З першых стагоддзяў адбывалася хрышчэнне не толькі дарослых, але таксама і малых дзяцей. Пан Езус сказаў: “Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства” (Ян 3, 5), і Касцёл гэта разумеў такім чынам, што дзяцей нельга пазбаўляць хросту, паколькі іх хрысцяць у веры таго самага Касцёла, якую вызнаюць бацькі, хросныя і іншыя блізкія.
Такім чынам, мы бачым, што Касцёл клапоціцца пра самае важнае для чалавека – пра яго збаўленне. А сакрамант Хросту з’яўляецца першым і неабходным для таго, каб чалавек стаўся ўсыноўленым дзіцём Божым.
З павагай, кс. Аляксей Ляшко
для друку