Бог можа зрабіць цуды ў нашым жыцці, нават калі мы добра пражывём хоць бы адзін дзень Адвэнту.
Вось 10 простых спосабаў у апошнія дні Адвэнту не выпускаць з-пад увагі важнага і адкрыцца на тое, што Бог хоча сказаць у дадзены момант. (Гэта на самай справе магчыма!).
Я ведаю, некаторыя з вас могуць падумаць: «Ну, я нічога не зрабіў у гэтым Адвэнце, то магу ўсё пакінуць так».
Не пакідай!
Адвэнт заключаецца не ў тым, каб быць дасканалым. Бог можа зрабіць цуды ў нашым духоўным жыцці, нават калі мы добра пражывём нават адзін дзень Адвэнту.
У гэты перыяд літургічнага года галоўнае — запаволіць тэмп настолькі, каб быць здольным заняць пазіцыю слухання. Мы спыняемся, каб паслухаць, таму што Бог хоча сказаць нам нешта важнае ў гэтым, такім багатым зместам, літургічным перыядзе. А калі мы спыняемся і прымаем дозу цішыні ў нашай штодзённасці, то адкрываемся на тое, што Бог хоча нам сказаць.
Вось некалькі простых стратэгій, якія я выкарыстоўваю, каб захаваць спакой падчас летаніны, дапамогі ў падрыхтоўцы радасных — хоць і вар’ятаў — калядных канцэртаў, экзаменаў, выпечкі печыва з манахінямі і звычайнай рэдакцыйнай працы ў выданні паўлістак.
- Ідзіце на шпацыр. Кароткая прагулка займае 10-15 хвілін. Але кароткі адпачынак на прыродзе супакойвае нас і дапамагае прыстасавацца да рытму свету прыроды. Птушкі і дрэвы не кідаюцца ад адной рэчы да іншай.
- Выпіце кубак гарбаты або кавы і нічога не рабіце ў гэты час: гэта здаецца простым, але колькі з нас могуць нічога не рабіць хоць бы пяць хвілін? Не тэлефанаваць. Не глядзець тэлевізар. Не размаўляць. Не чытаць. Не працаваць. Не гартаць інтэрнэт. Проста сядзець. Пяць хвілін: столькі часу ёсць ва ўсіх.
- Прачытайце Евангелле дня двойчы, абярыце слова або фразу, якая кідаецца ў вочы: гэта фактычна Lectio Divina, старая манаская форма малітвы для людзей занятых. Калі ў вас няма часу для рэгулярнага чытання Бібліі ці каб прайсці ўсе этапы Lectio, проста прачытайце Евангелле і прысвяціце хвіліну, каб спытаць Бога, над якімі словамі вам сёння разважаць на працягу дня.
- Абярыце адзін вечар у тыдзень і не выкарыстоўвайце электронных прылад. Пачытайце кнігу, пагаварыце з сябрам, напішыце ліст, але не чапайце тэлефон, не ўключайце тэлевізар ці камп’ютар! Гэта здаецца такім простым, але хто з нас на самай справе гэта робіць? Пастаўце каля дзвярэй кошык на гэты адзін выключны вечар і пакладзіце ў яго ўсе гаджэты. Замоўце піцу, пагуляйце ў нейкую гульню; хай гэта будзе асаблівы вечар, праведзены з тымі, каго вы любіце, і хай вам не перашкаджаюць ніякія экраны.
- Занясіце змены ў свой план дня: гэта крыху незвычайна, але я высветліла, што нязначнае змяненне ў маім графіцы дапамагае акрыяць ад нервовай спешкі, якую я адчуваю. Калі вы звычайна ідзяце на абед у 12 гадзін, паспрабуйце пайсці на пяць хвілін раней і надаць гэты час на нешта простае, хаця б на тое, каб пайсці на абед павольна. Або напісаць кароткае паведамленне камусьці, каго вы любіце, проста скажыце «Прывітанне!».
- Правядзіце час з дзецьмі: дзеці — чароўныя стварэнні, якія яшчэ не патрапілі пад націск часу. Вы ніколі не ўбачыце дзяцей, якія з трывогай глядзяць на гадзіннік і хвалююцца: «У сутках мала гадзін!» Калі мы праводзім час з дзецьмі, гэта дапамагае нам патрапіць у цяпер — адзіны момант, варта пражывання, а не жыць вечна ў будучыні.
- Паглядзіце ў акно ці на неба, хоць адну хвіліну ў дзень: Колькі разоў у дзень вы праводзіце толькі хвілінку, каб паглядзець у акно на снег, які падае або слухаеце як ідзе дождж? Проста глядзіце на аблокі, якія плывуць па небе? Часам, калі я іду вялікім горадам, проста спыняюся на тратуары і гляджу ўверх (так, я пагроза для бяспекі, не бярыце мяне нікуды з сабой). Калі людзі вакол спяшаюцца, я думаю: «Я хачу быць чалавекам, які глядзіць на неба». У гэтым Адвэнце будзьце чалавекам, які глядзіць на неба.
- Зрабіце выпечку або прыгатуйце што-небудзь смачнае: часам мы рыхтуем стравы проста для ежы, а часам рыхтуем амаль пабожна. Выберыце адзін вечар і прыгатуйце для сябе ці для сваёй сям’і нешта новае і простае, і хай прыгатаванне ежы будзе проста прыемным.
- Наладзьце будзільнік у тэлефоне на раніцу, дзень і на вечар. Калі ён зазвініць, спыніцеся на хвіліну і пасядзіце ў цішыні або адмоўце простую малітву: у нас ёсць розныя прылады, якія нас займаюць, але яны таксама могуць дапамагчы нам маліцца. Ёсць шмат розных каталіцкіх мабільных дадаткаў для малітвы на ружанцы, Літургіі гадзін і г.д. Але гэта не заўсёды працуе, таму што трэба адкрыць праграму. Вось чаму часам нешта такое простае, як будзільнік, можа нам эфектыўна нагадаць аб малітве. Проста.
- Падумайце аб тым, што ўводзіць вас у стрэс, і падзякуйце за гэта: калі вашы дзеці зводзяць вас з розуму, выкарыстайце момант, каб сказаць: «Дзякую Табе, Божа, за маіх выдатных дзяцей». Калі гэта праца — спыніцеся і скажыце: «Дзякуй Табе, Божа, што ў мяне ёсць праца, і дзякуючы ёй я магу сябе ўтрымліваць». Калі гэта навучанне: «Дзякуй за маю здольнасць да навучання і тое, што вучачыся, я расту ў столькіх розных накірунках». Калі хтосьці хворы, спыніцца і скажыце: «Дзякуй, Госпадзе, за гэтага чалавека, якога люблю». Калі мы робім паўзу, каб зразумець, што наш штодзённы стрэс з’яўляецца па сутнасці схаваным бласлаўленнем, нават калі ён балючы, — гэта дапамагае нам трываць у супакоі.
А што дапамагло табе вызваліцца ў гэты Адвэнт і пачуць голас Божы?
Пераклад з Credo паводле Aleteia
