Адпустовая ўрачыстасць у Новалукомлі

21-22 ліпеня парафія святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі святкавала 25-гадовы юбілей парафіі, 20-годдзе касцёла, будынак якога дастаўся вернікам ад ранейшай гарадской кацельні, але які з кожным годам прыгажэе, і адпустовую ўрачыстасць у гонар апякункі парафіі святой Марыі Магдалены.

Увечары 21 ліпеня ў святыні віталі спісы абразоў Маці Божай, выстава якіх будзе адбывацца на працягу тыдня.

Урачыстую святую Імшу 22 ліпеня а 15-й гадзіне ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Біскуп Алег шчыра прывітаў усіх прысутных, асабліва тых, хто падрыхтаваўся да прыняцця сакраманту канфірмацыі.

Гамілію прамовіў біскуп Юры Касабуцкі. Ён ўзгадаў постаць св. Марыі Магдалены, якая напачатку вяла грэшнае жыццё. Калі ж яна сустрэлася з народным гневам, адбылася лёсавызначальная сустрэча з Езусам. Езус не асудзіў яе, але прабачыў мноства грахоў Марыі Магдалене. Пасля сустрэчы з Хрыстом яна змяніла сваё жыццё, стала вельмі актыўнай хрысціянкай. Яе называюць апосталкай апосталаў. Калі разважаем пра Марыю Магдалену, то бачым магчымасць зменаў у чалавечым жыцці. Таксама іерарх нагадаў, як змяніліся апосталы пасля Пяцідзясятніцы, пасля прыняцця Святога Духа. Яны заставаліся вернымі Хрысту на працягу ўсяго свайго жыцця.

Біскуп Юры Касабуцкі ўдзяліў сакрамант канфірмацыі 6-і вернікам. Канфірмацыя – сакрамант хрысціянскай сталасці. Гэта вялікі-вялікі дар Духа Святога.

Затым адбылася працэсія дароў, падчас якой да алтара былі прынесены крыжы-памяткі сакраманту канфірмацыі, запаленая свечка, каравай хлеба, кветкі, плады садавіны і гародніны, віно і вада, хлеб.

Напрыканцы Імшы біскуп Алег выказаў падзяку усім, хто прымаў удзел у пабудове касцёла, асабліва адзначыў руплівую працу пробашча кс. Мікалая Ліпскага.

Пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце адбылося набажэнства да св. Марыі Магдалены.

Затым адбылася працэсія вакол святыні. Прагучаў гімн «Цябе. Бога, праслаўляем», вернікі прынялі блаславенне Найсвяцейшым Сакрамантам.

Парафіяне выказалі словы падзякі і ўручылі кветкі біскупам і святарам.

Пробашч парафіі кс. Мікалай Ліпскі перадаў прывітанне і віншаванне ад кс. Мечыслава Янчышына, першага пробашча парафіі. Таксама кс. Мікалай узнагародзіў самых актыўных парафіянаў, сярод якіх была найстарэйшая 94-гадовая парафіянка. Да віншаванняў далучыўся і біскуп Алег Буткевіч. Асаблівая падзяка была скіравана хору з парафіі св. Роха з Мінска, які дапамог больш узнёсла падрыхтавацца да ўдзелу ў святой Імшы, а таксама аздабляў літургію разам з парафіяльным хорам.

Біскуп Юры Касабуцкі асвяціў крыжы-памяткі, а таксама крыж ля касцёла.

Затым святкаванне прадоўжылася на прыкасцёльным пляцы, дзе адбыўся канцэрт вядомых беларускіх спевакоў Валянціны Альшанскай, Алега Сямёнава і групы «Дразды».

Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі