Адпустовая ўрачыстасць у Дзеркаўшчыне

9 мая на ўрачыстасць святога Мікалая ў парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне традыцыйна адбыўся парафіяльны фэст.

Перад святой Імшой трывала адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Вернікі памаліліся Ружанец і Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Многія скарысталіся магчымасцю прыступіць да споведзі.

На ўрачыстасць прыбылі кс. Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага суда Віцебскай дыяцэзіі, кс. Ян Пугачоў, кс. Мікалай Ціхановіч, кс. Алег Зямчонак, кс. Андрэй Таўрук, кс. Аляксандр Баран, кс. Дзмітрый Рацько, кс. Віталь Галец, кс. Віталь Бяленік.

У пачатку святой Імшы пробашч парафіі кс. Валеры Орсік сардэчна прывітаў святароў, сясцёр законных, усіх прысутных вернікаў, а таксама нагадаў, што 936 гадоў таму рэліквіі святога Мікалая былі перанесены з Міры Лікійскай у г. Бары ў Італіі.

Святую Імшу ўзначаліў ксёндз доктар Мікалай Ціхановіч.

Слова да вернікаў прамовіў ксёндз Аляксей Ляшко, які расказаў пра святога Мікалая, пра цуды, якія ўчыніў і працягвае чыніць святы. Святыя – слава Божая, якая праяўляецца ў жыцці. Святы біскуп Мікалай клапаціўся пра бедных, праславіўся міласэрнасцю, ратуе ад раптоўнай смерці. Яго лічаць цудатворцам, апекуном сужэнстваў, вязняў і маракоў, а таксама вялікім сябрам дзяцей. Ксёндз Аляксей падкрэсліў, што Бог ёсць Любоў. Кожны чалавек можа станавіцца святым ў штодзённым жыцці, узрастаючы ў міласэрнасці і любові.

Напрыканцы Імшы кс. Валеры яшчэ раз падзякаваў святарам, сёстрам законным, хору, літургічнай службе і ўсім, хто прычыніўся да ўрачыстасці.

Прысутныя памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі, пасля адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Завяршылася ўрачыстасць спевам «Цябе, Бога, праслаўляем».

Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі