Адпустовая ўрачыстасць і асвячэнне пладоў новага ўраджаю адбыліся ў Мёрах

15 жніўня ў нашай святыні адбылася адпустовая парафіяльная ўрачыстасць у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ганаровым госцем свята стаў канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі ксёндз канонік Віктар Місевіч, які ўзначаліў Эўхарыстыю а 18-ай гадзіне.

Канцэлебраваная святая Імша распачалася з урачыстага ўваходу літургічнай службы і святароў у храм, дзе чакалі вернікі, каб праславіць Панну Марыю і падзякаваць Богу за сёлетні ўраджай. Па даўняй традыцыі ў гэты дзень мы прыносім у святыню букеты з кветак, каласоў і зёлак, кошыкі з садавінай і гароднінай — плёнам працы нашых рук, каб блаславіць іх.

Як адзначыў у гаміліі ксёндз канонік Віктар Місевіч: «Мы сабраліся сёння разам, каб ушанаваць нашу Нябесную Матулю — Найсвяцейшую Панну Марыю. Узгадваючы Дагмат Унебаўзяцця, абвешчаны ў 1950 г. Папам Піем ХІІ, святар звярнуў увагу на важныя моманты. Вера ў тое, што Марыя была ўзятая на неба з целам і душой, існавала ад самага пачатку хрысціянства. Сведчанні святых і айцоў касцёла, таксама пацвярджаюць Яе ўнебаўзяцце. Ніхто ніколі не казаў, што ведае, дзе магіла Маці Божай, бо яе няма і не можа быць. Паколькі Марыя — наша Маці — знаходзіцца ў небе, наш шлях таксама кіруем да Яе. Для гэтага кожны павінен імкнуцца стаць сапраўдным хрысціянінам — чалавекам, які паверыў Хрысту, які хоча быць Яго вучнем і выконваць Яго запавет»  — падсумаваў прамоўца.

Напрыканцы Імшы адбылося бласлаўленне пладоў новага ўраджаю.

Пасля Літургіі перад Найсвяцейшым Сакрамантам памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі. Кульмінацыяй свята стала эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

Пасля набажэнства пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падзякаваў прысутным за супольную малітву і ўдзел ва ўрачыстасці. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас тых, хто прычыніўся да яе падрыхтоўкі.

Жанна Закрэўская

для друку для друку