Звярніце ўвагу на тое, як часта вы кажаце «так» сваім блізкім. Не бойцеся казаць ім «так» як мага часцей. Гэта самы просты і эфектыўны спосаб паказаць, што мы іх любім.
Калі мы атрымліваем запрашэнне на мерапрыемства ў Facebook і можам выбраць паміж «Я не буду прымаць удзел», «Мне цікава» або «Я буду прымаць удзел», мы, хутчэй за ўсё, націснем на другі варыянт. Пакідаем дзверы адчыненымі… Не ведаем, ці захочам, ці зможам і г.д.. Аднак гэта паказвае, наколькі ахвотна мы прытрымліваемся тэндэнцыі неяк «не ўцягвацца».
Няцяжка ўявіць, што пры такім настроі публікі няпроста планаваць нейкія мерапрыемствы. Што, калі вы запросіце групу сяброў на вячэру і шэсць чалавек скажуць «магчыма»…? Як вы сябе адчуваеце і што за гэтым стаіць?
Фактычна, менавіта нежаданне рабіць выбар выклікае стаўленне «магчыма», таксама ў непасрэдных зносінах тварам да твару. Мы прызвычаіліся пазбягаць уцягвання, і гэта ўплывае на тое, як мы адказваем на пытанні і просьбы нашых сяброў ці нават блізкіх. Гэта аслабляе адносіны.
Як мы можам змяніць гэтую тэндэнцыю разыходзіцца і ўмацоўваць адносіны з сябрамі і сям’ёй? Доктар Кліфард Лазарус, клінічны псіхолаг з Нью-Джэрсі, які даследаваў гэтую тэму, выявіў, што адно простае слова значна паляпшае нашы адносіны: «Адзін з лепшых спосабаў паглыбіць блізкасць і абудзіць пазітыўныя эмоцыі ў адносінах — гэта выкарыстоўваць самае простае слова, якое існуе: слова так”.
Псіхолаг заўважае, што калі блізкія просяць нас зрабіць што-небудзь, то замест «так» многія з нас адказваюць «магчыма», «паглядзім», «не ўпэўнены» ці нешта падобнае. Па словах доктара Лазаруса, варта прыгледзецца да гэтага больш уважліва і запомніць тры правілы:
1. Як мага часцей кажыце «так» сваім блізкім
Калі няма пераканаўчай прычыны не пагадзіцца, заўсёды кажыце «так» людзям, якіх вы любіце. Калі вы кажаце ім, напрыклад, «пабачым», гэта значыць для іх, што вы не надаяце асаблівага значэння іх просьбе, яна не настолькі важная ў вашых вачах, каб на ёй засяродзіць увагу. Калі хтосьці важны для вас, дазвольце яму пачуць ваша «так» з першых слоў. Гэта сведчыць аб тым, што вы гатовыя прысвяціць свой час і энергію.
2. Калі нецікава, прапануйце альтэрнатыву
Калі, да прыкладу, блізкі чалавек або сябар прапануе вам разам схадзіць у кіно, але вас не асабліва зацікавіла гэтая афіша, не кажыце адразу «не». Прапануйце што-небудзь яшчэ, іншы фільм або пакатацца на каньках, прагуляцца, усё, чым вы маглі б заняцца разам. Таму што, калі вам прапанавалі фільм, то хочуць, каб правесці час разам.
Калі чуюць ваша «не», то чуюць «не» сумеснаму баўленню часу, а не «не» гэтаму канкрэтнаму фільму. Ваша прапанова пацвярджае, што вы таксама хочаце праводзіць з гэтым чалавекам час, і ўмацоўвае адносіны.
3. Гэта не вельмі зручны час? Запэўніце, што знойдзеце вольную гадзіну
«Калі ваш каханы нешта пытае або просіць, а вы занятыя чымсьці іншым, не кажыце, што я не магу ці пазней, а адразу скажыце, што добра, вы адкажаце праз пяць хвілін/гадзіну, таму што цяпер вы не можаце адрывацца ад працы. Вы дапаможаце/адкажаце/зробіце/пагаворыце адразу, як толькі скончыце тое, што вам трэба зрабіць», — кажа доктар Лазарус.
Калі мы кажам «так», мы даем сігнал, што ставім патрэбы і справы нашых блізкіх на важнае месца і ўдзяляем ім сваю ўвагу. «Гэта самы просты і эфектыўны спосаб паказаць, што мы вас любім. І мы адкрываем сябе і іншых для далейшага кантакту», — кажа Лазарус.
Паводле pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч