Адкуль узнікае мацярынская трывога?

Пахвалёны Езус Хрыстус! Шчыра вітаю ўсіх мамаў. Сёння мы паразмаўляем на вельмі далікатную тэму: трывожнасць.

Пасля нараджэння дзіцяці на жаночыя плечы кладзецца адказнасць за жыццё, за здароўе і выхаванне сваіх сына ці дачкі. Гэта няпростае заданне, з якім сустракаецца кожная мама, таму ў яе галаве ўзнікае трывога. Прычыны трывожнасці мы разгледзім у нашай рубрыцы.

  1. Гарманальныя перабудовы

Так створаны жаночы арганізм і так працуе мозг: пасля родаў адбываецца моцны ўдар па сератаніне і дафаміне. Маці пачынае адчуваць сум, тугу і беспадстаўную трывогу. У гэты час міндалепадобнае цела прыводзіць увесь арганізм у рэжым пастаяннай баявой гатоўнасці, таму любы гук і рух дзіцяці ўспрымаецца як крытычная сітуацыя. А паралельна пачынае выпрацоўвацца аксітацын, які прымушае маму быць гіперсфакусаванай на немаўляці.

Пры такім моцным гарманальным выбуху вельмі цяжка захоўваць супакой і аптымізм.

  1. Поўная змена рэжыму і хранічны недасып

Калі ў сям’і з’яўляецца маленькі чалавек, змяняецца ўсё, але ў першую чаргу рэжым дня бацькоў і, канешне ж, у мамы. Адразу дадаецца шмат абавязкаў і спраў, якія не спыняюцца 24 на 7.

Мама стамляецца і недасыпае. А гэта вельмі моцна ўплывае на яе эмацыйны стан, бо ў першую чаргу моцна перагружаецца нервовая сістэма. Стомлены мозг траціць здольнасць адрозніваць рэальную небяспеку ад дробязяў, таму, напрыклад, звычайныя капрызы дзіцяці жанчына пачынае ўспрымаць як катастрофу.

  1. Гіперадказнасць і страх зрабіць памылку

Часта ў маладой мамы з’яўляецца так званы “сіндром выдатніцы”. Жанчыне здаецца, што калі яна будзе ідэальна выконваць усе інструкцыі, максімальна выкарыстоўваць веды, то дзіця будзе добра сябе адчуваць, моцна спаць, не захварэе і гд. Той жа “сіндром” спрацоўвае і ў адваротны бок: калі дзіця плача, дрэнна спіць або хварэе, то гэта ад таго, што мама нешта робіць не так.

Але ў свеце жывых людзей немагчыма ўсё зрабіць ідэальна, і маленькі чалавек таксама ідэальным быць не можа.

  1. Шмат супярэчлівай інфармацыі

У XXI стагоддзі ўсе знаходзяцца ў пастаяннай інфармацыйнай прасторы. Гэты факт не заўсёды з’яўляецца карысным для мамы. З аднаго боку, жанчына сустракаецца з прадстаўнікамі старэйшага пакалення. Яны настойваюць, што “гадавалі вас менавіта так”, “мы маем добры досвед, так рабілі спакон вякоў». З іншага – прынцыпы сучаснай медыцыны, якія часта супярэчаць парадам матуль і бабуль. Да гэтага далучаецца інфармацыйны шум розных форумаў і пастоў у сацсетках. У выніку мама моцна перажывае, бо здаецца, што яна нічога не ведае, нічога не разумее і ні ў чым не разбіраецца.

  1. Сацыяльная ізаляцыя

Сучасная жанчына працуе, займаецца спортам, падарожнічае, сустракаецца з сябрамі. А потым нараджае дзіця і на некаторы час застаецца ў сацыяльным вакууме. Гэта ўспрымаецца як фактычная страта шматлікіх роляў: паспяховага спецыяліста, цікавага суразмоўцы, добрай сяброўкі. Застаецца адна роля – мама. І ў жанчыны ўзнікае страх назаўсёды страціць сябе як асобу.

Мы адзначылі найбольш відавочныя прычыны трывожнасці і страхаў, з якімі сутыкаецца кожная маці. У наступным нумары разгледзім парады, якія дапамагаюць з імі змагацца і заставацца спакойнай і шчаслівай.

Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей

для друку для друку