Крыж, які яднае: парафіяльны фэст у Ахрэмаўцах

14 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў аграгарадку Ахрэмаўцы адбыўся парафіяльны фэст. У гэты дзень Касцёл адзначае свята Узвышэння Святога Крыжа — знак нашай веры, надзеі і любові.

Святую Імшу цэлебраваў ксёндз Андрэй Януль разам з пробашчам парафіі ксяндзом Юрыем Жаўняровічам. Падчас казання святар засяродзіў увагу парафіян на крыжы і яго значэнні ў жыцці чалавека. Ён нагадаў, што крыж — гэта не толькі прылада пакуты, але і знак перамогі Хрыста над смерцю. У жыцці кожнага з нас ёсць свой крыж, і важна несці яго з годнасцю, давяраючы Богу.

Пасля Літургіі адбылася працэсія. Вернікі ішлі вакол касцёла, несучы крыж і спяваючы песні. Гэта было жывое сведчанне веры і еднасці парафіяльнай супольнасці. Пасля працэсіі кожны чалавек атрымаў благаслаўленне з рук новапрэзбітэра кс. Андрэя, а таксама абразік на памяць.

Асабліва важна, што кс. Андрэй — наш зямляк, родам з аграгарадка Пагошча. Гэта напаўняе сэрцы асаблівай радасцю і гонарам. Мы бачым, што наш край выхоўвае людзей, якія прысвячаюць сваё жыццё служэнню Богу і бліжнім.

Касцёл — гэта не толькі будынак з вежамі і крыжамі. Гэта перш за ўсё супольнасць вернікаў, якія збіраюцца разам, каб маліцца, падтрымліваць адзін аднаго і разам ісці па шляху да Бога. Касцёл — гэта дом, дзе мы сустракаем Хрыста, дзе чэрпаем сілы для штодзённага жыцця, дзе вучымся любіць і дараваць. Ён з’яўляецца нашым духоўным асяродкам, які аб’ядноўвае людзей розных узростаў і лёсаў.

Няхай Узвышэнне Святога Крыжа будзе для ўсіх нас напамінам пра тое, што любоў і вера могуць перамагчы любыя выпрабаванні. А крыж, які мы нясём у сваім сэрцы, няхай будзе нашым святлом і апорай на ўсіх шляхах жыцця.

Таццяна Матуль

для друку для друку