12 верасня 2026 года ў Шаркаўшчыне прайшла ўрачыстасць, якая сабрала разам непарыўную сувязь пакаленняў, гісторыю і сучаснасць. Мясцовая парафія Узвышэння Святога Крыжа адзначыла 30-годдзе свайго касцёла, а супольнасць «Маці ў малітве» — свой 10-гадовы юбілей. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Дзень 12 верасня ў Шаркаўшчыне быў асаблівым. Яшчэ да пачатку літургіі ля ўваходу ў святыню біскупа сустракаў пробашч парафіі ксёндз Віктар Сініцкі, а вернікі віталі іерарха традыцыйным хлебам-соллю. Атмасфера была напоўнена глыбокай пашанай і радасцю. Перад Эўхарыстыяй гасцям і парафіянам была прадстаўлена гісторыя парафіі з прэзентацыяй архіўных фотаздымкаў — своеасаблівае падарожжа ў часе, якое дазволіла ўбачыць, колькі працы, веры і цярпення стаіць за гэтымі мурамі.
Звяртаючыся да вернікаў на пачатку Імшы, ксёндз Віктар Сініцкі ўзгадаў словы з Евангелля паводле святога Яна: «І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе». «Дзякуем Табе, Пане Езу, што прыцягнуў нас да сябе, да гэтага касцёла. Разам з Табой хочам перажываць у нашай парафіі трайную ўрачыстасць: юбілей 30-годдзя нашага касцёла, фэст з нагоды Узвышэння Святога Крыжа і 10 гадоў заснавання ў нашай парафіі супольнасці руху “Маці ў малітве”. Нашы вочы спазіраюць на Твой крыж — крыж нашага збаўлення, крыж перамены нашага жыцця», — сказаў пробашч.
Урачыстая літургія сабрала вялікую колькасць удзельнікаў. Біскуп Алег Буткевіч цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіі, яе вернікаў і святароў.
У сваім казанні пастыр дыяцэзіі звярнуў увагу на чалавечую слабасць і вялікую Божую любоў:
«Заўсёды будуць розныя праблемы. Мы вельмі розныя. І таму нас гэта часам вельмі раздражняе, і не таму, што маем дрэнную волю, але проста маем сапсаваную натуру. Няма святых у гэтым свеце. Але да такіх людзей прыйшоў Езус. Ён казаў, што не прыйшоў паклікаць праведнікаў… Вось калі мы гэта прызнаем, як сёння нам нагадвае апостал Павел у пасланні да карынцянаў, прыгадваючы нам вялікую пакору Богу… Бог не патрабаваў для сябе гэтага. Ён прыйшоў каб служыць… Спрабуйма паставіць Крыж Езуса ў наша сэрца і ўшаноўваць — жыццё зменіцца, не ведаем як і ў які час, але Бог дзейнічае ў сэрцы чалавека, адкрытага на Божую ласку».
Гэтыя словы асабліва гучна прагучалі ў кантэксце багатай гісторыі шаркаўшчынскай зямлі. Падчас казання біскуп узгадаў, што пяццю гадамі раней (у 1991–1992 гг.) парафія была заснаваная наноў, але разам з тым ёсць нагода дзякаваць Богу за 120 гадоў, калі тут была створана самастойная парафія, выдзеленая з парафіі ў Новым Пагосце. «Мы бачым, што гэта гісторыя нашмат багацейшая, таму гэта яшчэ адна нагода дзякаваць Богу за гэты час, за дары і ласкі, якімі Ён адорваў нашыя пакаленні. Дзякуем Богу за тых, хто будаваў гэты касцёл», — падкрэсліў прамоўца.
І сапраўды, гісторыя гэтай святыні — гэта гісторыя нязломнай веры. Яшчэ ў 1770-я гады Ян Нікадэм Лапацінскі пабудаваў тут каменную капліцу. У 1906 годзе мясцовыя католікі дамагліся дазволу на ўласны касцёл, і ў 1907 годзе драўляная святыня была асвечана пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа. Аднак лёс яе быў трагічным: у 1949 годзе касцёл зачынілі, а ў 1963 годзе — разабралі. Цэгла пайшла на будаўніцтва школы, а вернікі доўгія гады ездзілі на малітву ў суседнія парафіі. Толькі ў 1991 годзе парафія была зарэгістраваная наноў, а 14 верасня 1996 года кардынал Казімір Свёнтак урачыста асвяціў новы цагляны касцёл, які сёння з’яўляецца духоўным сэрцам Шаркаўшчыны.
Гісторыя парафіі багатая на асобы. Тут нарадзіўся Слуга Божы Вікенцій Ключынскі, заснавальнік Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў. Тут служылі святары, якія прайшлі праз выпрабаванні савецкіх лагераў, і тыя, хто ў 1990-я гады з нуля адраджаў парафіяльнае жыццё. Асаблівую ролю ў гэтым адыграў ксёндз прэлат Юзаф Булька, які даяжджаў з Мосара і стаў першым пробашчам адроджанай парафіі. Ён пачаў маліцца на мясцовых могілках, потым у драўляным доме і мураванай капліцы, атрымаў зямельны надзел і залажыў фундамент пад будаўніцтва новага касцёла. Будаўніцтва святыні працягнуў і завяршыў ксёндз Крыштаф Сілкоўскі, які больш за 20 гадоў служыў у Шаркаўшчыне. Далей святарскае служэнне неслі айцы сэрцане Збігнеў Бояр, Чэслаў Куцмеж, Максім Бачарнікаў, Генадзій Лаўніковіч. Сёння ў парафіі працуюць ксёндз Віктар Сініцкі і ксёндз Валерый Пупкевіч.
Падчас урачыстасці словы ўдзячнасці і кветкі былі ўручаны біскупу Алегу Буткевічу, ксяндзу Кшыштафу і ксяндзу Чэславу. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Арэшкаў зачытаў прывітальны адрас і ўручыў Падзяку старшыні райвыканкама ксяндзу пробашчу Віктару Сініцкаму.
Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас руху «Маці ў малітве». З нагоды 10-гадовага юбілею суполкі з розных куткоў Беларусі на чале з кіраўніком Людмілай Губінай павіншавалі шаркаўшчынскую супольнасць. Гэты рух стаў сапраўднай духоўнай апорай для многіх сем’яў.
На заканчэнне ўрачыстасці адбылася працэсія вакол касцёла — гэта была падзяка Богу за магчымасць на працягу трох дзесяцігоддзяў мець сваю святыню ў Шаркаўшчыне.
Парафіяльны фэст прадоўжыўся на вуліцы. Для ўдзельнікаў свята быў падрыхтаваны канцэрт «Святло Хрыстова над Дзісенскім краем». Працавалі выстава майстроў раённага Цэнтра рамёстваў і выстава-дэгустацыя страў беларускай нацыянальнай кухні. Гэтая ўрачыстасць стала не толькі юбілейнай датай, але і нагодай яшчэ раз пераканацца ў тым, што Касцёл на Шаркаўшчынскай зямлі жыве, развіваецца і аб’ядноўвае людзей вакол галоўнага — Крыжа Хрыстовага, знаку любові Бога да чалавека.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!














































