ККББ прапануе пераклад на беларускую мову першай энцыклікі Святога Айца Льва XIV «Magnifica humanitas» аб абароне чалавечай асобы ў эпоху штучнага інтэлекту

Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прапануе пераклад на беларускую мову энцыклікі «Magnifica humanitas» Святога Айца Льва XIV аб абароне чалавечай асобы ў эпоху штучнага інтэлекту.

Святы Айцец піша: «Мы жывём у імклівы пераходны перыяд, “змену эпох”, у якім — пакуль адны супернічаюць за будучыню новых тэхналогій, а другія разважаюць над ёй — большасць людзей застаюцца ў чаканні, назіраюць здалёк і проста спадзяюцца на лепшае. Менавіта таму ў нашым сумленні паўстаюць важныя пытанні, якія больш нельга ігнараваць: куды мы ідзём? На якую мэту хочам арыентавацца? Які кірунак мы павінны выбраць як чалавечая супольнасць і як народы?» (MH 6). «Чалавецтва, створанае Богам ва ўсёй сваёй велічы, стаіць сёння перад вырашальным выбарам: узвесці новую Бабілёнскую вежу ці будаваць горад, у якім Бог і чалавецтва жывуць разам» (MH 1).

Папа сцвярджае, што «у Хрысце мы пакліканы супрацоўнічаць у справе стварэння, а не заставацца абыякавымі назіральнікамі тэхналагічных працэсаў, якія абмяжоўваюць нашу свабоду і адказнасць.

Годнасць, якую Дух Святы ўклаў у кожнага з нас, таксама праяўляецца ў нашай здольнасці крытычна разважаць, свабодна выбіраць, бескарысліва любіць і будаваць сапраўдныя адносіны. Ніякая вылічальная сістэма, якой бы складанай яна ні была, не можа стварыць сэрца, якое аддае сябе, або сумленне, якое адрознівае дабро ад зла. Нават калі машыны дасягнулі незвычайнай эфектыўнасці, цэнтрам гісторыі застаецца чалавечы твар, які прагне, каб яго ўбачылі» (MH 233).

«Лічбавая культура — навучае Пантыфік — памнажае сувязі і прапануе новыя магчымасці для ўзаемадзеяння; аднак чалавечае сэрца захоўвае неад’емную патрэбу ў блізкасці. Я заклікаю ўсіх шанаваць месцы і час, дзе фізічная прысутнасць мае значэнне, такія як супольныя абеды, хрысціянскія сустрэчы, наведванне самотных і служэнне бедным. Гэта адметныя рысы чалавецтва, якое працягвае верыць, што цела кожнага чалавека — дом Бога і святыня Духа Святога. Менавіта гэты запавет паміж веліччу і крохкасцю становіцца крытэрыем ацэнкі антрапалагічных мадэляў, якія прапануе сучасная культура» (MH 239).

«Скіроўваючы позірк у будучыню, я хацеў бы — заклікае Папа — успомніць вобраз Нээміі, якога з самага пачатку мы абралі сваім спадарожнікам і правадніком. Нээмія пачуў крык разбуранага горада, прынёс гэты боль у малітву, распазнаў перад Богам, папрасіў дапамогі, атрымаў дазвол вярнуцца, арганізаваў працу, вытрываў унутранае і знешняе супраціўленне і аднавіў муры Ерузалема разам з людзьмі, цэгла за цэглай. У ім я бачу яскравую метафару нашага паклікання ў эпоху лічбавай трансфармацыі: не быць пасіўнымі назіральнікамі сацыяльных і культурных разломаў, простымі каментатарамі на руінах, а быць мужчынамі і жанчынамі, гатовымі прыйсці на будаўнічыя пляцоўкі гісторыі — даследчыя лабараторыі, тэхналагічныя кампаніі, школы, СМІ, установы і мясцовыя супольнасці, — каб аднавіць тое, што разбурылася, і абараніць тое, што апынулася пад пагрозай. Як Нээмія, мы таксама пакліканы спалучаць слуханне і мужнасць, малітву і адказнасць, каб горад людзей стаў больш прыдатным для жыцця» (MH 241).

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB

Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў

пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Catholic.by

для друку для друку