Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Браслаўскай ужо традыцыйна рыхтуецца да штогадовых адпустовых урачыстасцяў, якія адбудуцца 21–22 жніўня 2026 года. Сёлетні духоўны фэст аб’яднаны дэвізам: «Трываць з Марыяй – Славіць Бога – Будаваць Супакой».
З асабістым відэазапрашэннем да вернікаў звярнуўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які заклікаў усіх далучыцца да супольнай малітвы перад цудадзейным абразом Маці Божай. Гэты абраз – адзін з найбольш шанаваных хрысціянскіх святынь Беларусі, якая прыцягвае пілігрымаў, што шукаюць падтрымкі, суцяшэння і духоўнага ўмацавання.
Праграма ўрачыстасцяў:
21 жніўня, пятніца
16.00-17.30 – сустрэча і прывітанне пілігрымаў;
18.00 – арганная музыка;
19.00 – святая Імша з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі;
21.00 – Акафіст (вернікі Грэка-каталіцкай Царквы);
21.30 – Крыжовы шлях;
22.30 – малітоўныя просьбы і падзякі да Маці Божай перад цудадзейным абразом;
23.15 – працэсія з копіяй абраза Маці Божай, ружанцовая малітва.
22 жніўня, субота
00.00 – святая Імша;
02.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта (прыватная малітва);
07.00 – ружанцовая малітва;
08.00 – святая Імша на лацінскай мове;
10.00 – аднаўленне сужэнскіх абяцанняў;
11.00 – урачыстая св. Імша (з удзелам Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Іньяцыа Чэфаліа).
Сёлетнія ўрачыстасці стануць асаблівай нагодай, каб яшчэ раз узмацніцца ў веры, пераасэнсаваць свой жыццёвы шлях і атрымаць натхненне ад Маці Божай. Яе прыклад вучыць нас трываць у выпрабаваннях, шчыра славіць Бога і будваць сапраўдны супакой – не толькі вакол сябе, але і ў першую чаргу ва ўласным сэрцы.
Запрашаем усіх вернікаў далучыцца да супольнага свята ў Браславе – на беразе азёр, дзе нябесная Валадарка асабліва чуйна выслухоўвае малітвы сваіх дзяцей.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!