Тэму чарговага выпуску нашай моўнай старонкі падказаў чытач “Каталіцкага Весніка”, які падпісаўся коратка: ОМ. Ён у лісце ў рэдакцыю, у прыватнасці, піша: “Паважаны спадар Бабіч, патлумачце, калі ласка, розніцу паміж мусіць і быць павінным. Ці ёсць нейкія асаблівасці ва ўжыванні або адценні сэнсу, уласцівыя гэтым словам? Мова мусіць гучаць паўсюль і мова павінна гучаць паўсюль насамрэч успрымаюцца па-рознаму – як пажаданне і як указанне адпаведна. Ці памыляюся?..”
Адразу ж хацелася б шчыра падзякаваць нашаму шаноўнаму чытачу за канкрэтнае пытанне, а таксама за такую, без перабольшвання, прафесійную ўвагу да роднага слова, да яго найдрабнейшых семантычных адценняў! Несумненна, само пытанне сведчыць пра ўдумлівы, скрупулёзны падыход да магчымых нюансаў у працэсе ўжывання лексічных адзінак. Як нам падаецца, аналіз пастаўленай праблемы будзе цікавы і для больш шырокага кола аматараў беларускага слова, таму паспрабуем разабрацца.
Слова мусіць мае некалькі значэнняў: 1. Падлягаць прымусу, быць прыняволеным да чаго-небудзь, не маючы магчымасці зрабіць інакш (Тысячы людзей мусілі пакінуць свае хаты і ўцякаць ад вайны. Тарас Хадкевіч); 2. Быць абавязаным зрабіць што-небудзь (Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць… Міхась Зарэцкі); 3. Мабыць, напэўна, відаць – у значэнні пабочнага слова (Васілёк замаўчаў… / Мусіць, думаць пачаў, / Чаго вецер шуміць. Якуб Колас). З прыведзеных трох значэнняў апошняе, дзе лексема выступае ў якасці пабочнай адзінкі, у нашым канкрэтным выпадку можа нават не разглядацца.
Слова павінен (быць павінным) азначае: 1. Абавязаны, вымушаны што-небудзь зрабіць, або мець якую-небудзь якасць (Чалавек! Ён павінен быць варты свайго месца на зямлі. Уладзімір Карпаў); 2. Пра тое, што абавязкова здарыцца (– Мінут праз дзесяць тут па графіку павінен прайсці наступны поезд… Яўген Васілёнак); 3. Ужываецца для выражэння магчымасці ці непазбежнасці чаго-небудзь (Муляры павінны будуць сабрацца неўзабаве, перад закладкаю галоўнага будынка. Кузьма Чорны).
Як бачым, абедзве словаформы – мусіць і павінен (быць павінным) – рэалізуюць падобныя значэнні, часам могуць ужывацца паралельна. Яны разглядаюцца як сінанімічныя, у прыватнасці, у “Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў“ Міхася Клышкі. Але ці тоесныя яны ў семантычным плане? Ці існуе насамрэч адрозненне паміж імі ў пэўных кампанентах значэння?
Заўважым, што слова мусіць прыйшло ў свой час у нашую мову з нямецкай – muss, mϋssen – і абазначае якраз “быць павінным”. Дарэчы, у нямецкай мове з падобным значэннем ужываецца дзеяслоў sollen – таксама “быць павінным”. І тут ёсць добрая нагода правесці аналогіі паміж нямецкай і беларускай мовамі, бо на практыцы названыя вышэй лексічныя адзінкі ў абедзвюх мовах выкарыстоўваюцца падобным чынам. Справа ў тым, што ў канструкцыях кшталту Ты мусіш гэта зрабіць; Ён мусіць заўтра паехаць; Мы мусім змяніць свае планы выказваецца пажаданне да ажыццяўлення адпаведнага дзеяння. Тут няма катэгарычнасці, элементаў загаду, што сведчыла б пра выключную абавязковасць да выканання. А вось у сказах, да прыкладу, Ты павінен гэта зрабіць; Ён павінен заўтра паехаць; Мы павінны змяніць свае планы якраз і выяўляюцца семы пабуджэння да абавязковага выканання дзеяння, семы загаду, большай ступені катэгарычнасці. Тут падсвядома прысутнічае ці падразумяваецца пэўны іншы аб’ект, які і выступае адмысловым пабуджальнікам да выканання адпаведнага дзеяння.
Падсумоўваючы сказанае, адзначым, што наш чытач ОМ на сто адсоткаў меў рацыю, калі канстатаваў, што, на яго, погляд сказы “Мова мусіць гучаць паўсюль і Мова павінна гучаць паўсюль успрымаюцца па-рознаму – як пажаданне і як указанне адпаведна”. Дакладна так і ёсць у мове. Таму нашая пільная ўвага да найдрабнейшых адценняў значэння слова сапраўды вельмі важная, бо дазваляе перадаць акурат той сэнс, які хацелася б.
Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны для нашых чытачоў, паспрыяе развіццю навыкаў удумлівага асэнсавання семантыкі кожнай лексічнай адзінкі.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!