2 ліпеня на тэрыторыі касцёла Святога Міхала Арханёла адбылася ўрачыстая цырымонія прэзентацыі памятнай манеты, выпушчанай Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь у гонар 400‑годдзя жамчужыны Навагрудскай сакральнай архітэктуры — касцёла Святога Арханёла Міхала.
Падзея сабрала духавенства на чале з Апостальскім Нунцыем Святога Пасаду арцыбіскупам Іньяцыё Чэффаліа, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, мастакоў і скульптараў, а таксама шматлікіх гасцей і вернікаў. Урачыстасць распачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй, ардынарый Гроденскай дыяцэзіі, а гамілію прамовіў Апостальскі Нунцый у Беларусі.
Пасля Эўхарыстыі, у адной з крыптаў касцёла, адбылося ўрачыстае асвячэнне каменнага крыжа “Келіх Госпада”, аўтарства Аляксандра Сакалова.
Пасля, на прыхрамавай плошчы адбылася ўрачыстая прэзентацыя і адкрыццё памятнай манеты “касцёл Святога Міхаіла ў Навагрудку”.
Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа назваў выпуск манеты жэстам, які паважае не толькі гістарычны будынак, але і духоўную і культурную памяць усяго народа.
– Манета – гэта маленькі прадмет, але яна нясе ў сабе вялікі сэнс, таму што становіцца бачным знакам таго, што народ лічыць часткай уласнай спадчыны. Касцёл Святога Арханёла Міхала – адзін з такіх сімвалаў. Ён суправаджаў жыццё горада ў розныя эпохі, захоўваў веру пакаленняў, падтрымліваў надзею ў найбольш цяжкія і змрочныя моманты. Яго маўклівая і верная прысутнасць стала неад’емнай часткай чалавечага і духоўнага пейзажу Навагрудка, – сказаў арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.
Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй у сваім слове выказаў удзячнасць Нацыянальнаму банку за захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі.
– Гэтая памятная манета стане знакам яднання, памяці пра продкаў і натхненнем будаваць будучыню, абапіраючыся на веру, любоў да Айчыны і павагу да сваёй гісторыі, – падкрэсліў біскуп.
Як адзначыла ў сваім выступленні старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Каролька, выпуск манеты – гэта знакавая падзея не толькі для Навагрудчыны, але і для ўсёй краіны.
– Навагрудчына – гэта ўнікальная зямля, дзе гісторыя цесна пераплятаецца з сучаснасцю, а памяць продкаў становіцца падмуркам для будучыні. Касцёл Святога Міхала Арханёла – для нас жывая сувязь часоў, сведчанне стойкасці веры і непарушнасці духу нашага народа. Захоўваючы гэтую святыню, мы захоўваем гістарычную памяць, бо цвёрда ведаем: без мінулага няма сучаснага, а тым больш будучыні, – сказала Святлана Мікалаеўна.
– Сёння ў гэтых свяшчэнных сценах, дзе ўжо чатыры стагоддзі гучаць малітвы, мы прэзентуем памятную манету. Упэўнена: кожны, хто будзе трымаць у руках гэты невялікі кавалак металу, усвядоміць, як цесна духоўнае пераплятаецца з зямным, як прыгажосць архітэктуры і глыбіня веры могуць быць увасоблены ў вечным матэрыяле. Такое супрацоўніцтва дзяржавы, банкаўскай сістэмы і духавенства – яркі прыклад таго, як мы разам захоўваем і прымнажаем нашы культурныя і духоўныя каштоўнасці, ствараем на аснове любові да свайго краю і павагі да яго гісторыі.
Намеснік кіраўніка ўпраўлення арганізацыі касавай работы Галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абароту Нацыянальнага банка Алег Філіпаў, сказаў, што на працягу многіх гадоў Нацыянальны банк паслядоўна рэалізуе серыі памятных манет, якія адлюстроўваюць рэлігійную разнастайнасць і культурнае багацце Беларусі.
Мастачка Нацыянальнага банка Марыя Данько, якая распрацавала дызайн манеты, падзялілася творчай задумай.
– Гаворачы пра дызайн, мы не можам не ўзгадаць унікальны стыль самога касцёла, які і абумовіў характар манеты. Гэта яркі прыклад архітэктурнага дуалізму: строгі фасад у стылі позняга класіцызму і паветранае віленскае барока ўнутранага ўбрання. Гэты незвычайны кантраст мы паспрабавалі перадаць, – расказала яна.
– Манета выканана ў форме квадрата са скругленымі вугламі без канта, што сімвалізуе надзейнасць і трываласць падмурка, а таксама адсылае да старажытных ікон і алтарных заслонак. На аверсе адлюстраваны сам касцёл, апраўлены ўзорамі, натхнёнымі інтэр’ерам храма, на рэверсе – вобраз Арханёла Міхала з Віфлеемскай зоркай. Асаблівасцю срэбранай манеты наміналам 20 рублёў стала інкрустацыя фіянітам, які, улоўліваючы святло, прымушае манету ззяць, што сімвалізуе нятленнае святло веры.
Пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксёндз доктар Юрый Жэгарын падзякаваў усім прысутным, адзначыўшы, што касцёл з’яўляецца дамінантай горада і месцам, звязаным з імёнамі выдатных людзей.
– Наш касцёл з’яўляецца не толькі архітэктурнай дамінантай горада, але і сэрцам духоўнага жыцця Навагрудка на працягу чатырох стагоддзяў. З гэтым храмам звязаны лёсы вялікіх людзей, імёны якіх назаўсёда ўпісаны ў гісторыю Беларусі, – падкрэсліў ксёндз Юрый.
– Сённяшняя прэзентацыя памятнай манеты – гэта пацвярджэнне таго, што гэта месца застаецца надзвычай важным не толькі для нашага горада, але і для ўсёй краіны. Як справядліва адзначыў архібіскуп Іньяцца Чэффаліа, як падкрэсліў біскуп Уладзімір Гуляй, наш храм працягвае быць жывым сэрцам хрысціянскай супольнасці, месцам сустрэчы чалавека з Богам.
Кс. д-р Юрый, пробашч у Навагрудку, выказаў словы ўдзячнасці шматлікім гасцям, якія падзялілі радасць гэтай падзеі, а таксама ўсім, хто садзейнічаў рэалізацыі гэтай ініцыятывы.
Карына Вашонак, тэкст і фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



























