На дварэ – чэрвень. За вокнамі буяе лета, а дні становяцца ўсё даўжэйшымі. І здаецца, што сам час запрашае адпачыць, набрацца сілы. Аднак для тысяч студэнтаў чэрвень – гэта зусім не месяц бяздзеяння. Гэта гарачая пара сесіі, гадзіны над падручнікамі, бяссонныя ночы, хваляванне перад экзаменамі і тэст на трываласць ведаў, волі, нервовай сістэмы. Нават самыя старанныя студэнты адчуваюць страх і хваляванне. У гэтыя моманты хочацца апоры і падтрымкі, якая выйдзе па-за межы канспектаў і падручнікаў. Такой падтрымкай становіцца малітва перад экзаменам. У Касцёле склалася традыцыя звяртацца да пэўных святых з асаблівай просьбай пра здачу іспытаў. Кожны з іх меў свой унікальны вопыт навучання. Сёння мы знаёмім з заступнікамі, да якіх варта звярнуцца перад тым, як увайсці ў аўдыторыю.
Святы Язэп з Куперціна – галоўны заступнік студэнтаў перад экзаменамі
Гэта, бадай, самы вядомы святы, да якога звяртаюцца студэнты перад іспытамі. Святы Язэп нарадзіўся ў 1603 годзе ў Італіі. З дзяцінства сутыкнуўся з сур’ёзнымі цяжкасцямі ў навучанні: меў моцныя праблемы з засваеннем матэрыялу. Яго нават не прынялі ў ордэн капуцынаў праз інтэлектуальныя цяжкасці. Аднак дзякуючы цярпенню, пакоры і глыбокай веры ён усё ж стаў святаром. І гэта адбылося амаль цудам: падчас вуснага экзамену біскуп адкрыў Біблію на тым самым вершы, які Язэп ведаў лепш за ўсё. І будучы святар бліскуча яго патлумачыў. Таму святому Язэпу моляцца, каб на экзамене трапіліся менавіта тыя пытанні, якія студэнт добра ведае.
Святая Таццяна Рымская – апякунка студэнтаў
У многіх краінах, асабліва ва ўсходнееўрапейскай традыцыі, менавіта святую Таццяну лічаць заступніцай студэнтаў. Гістарычна так склалася, што менавіта ў дзень яе памяці быў падпісаны ўказ пра заснаванне Маскоўскага ўніверсітэта, а пазней пры ім пабудавалі храм у яе гонар. З цягам часу традыцыя распаўсюдзілася шырэй. Святая Таццяна жыла ў Рыме ў ІІІ стагоддзі, паходзіла са знатнай хрысціянскай сям’і. Да святой Таццяны звяртаюцца не толькі перад экзаменамі, але і з просьбай у навучанні наогул.
Святы Тамаш Аквінскі – апякун студэнтаў і навукоўцаў
Святы Тамаш, чый дзень памяці адзначаецца 28 студзеня, лічыцца апекуном студэнтаў, навукоўцаў і багасловаў. Гэта адзін з найвялікшых розумаў у гісторыі Касцёла. Але цікава, што сам Тамаш Аквінскі ў маладосці зусім не выглядаў геніем, яго нават лічылі занадта павольным. Іншыя студэнты праз празмерную маўклівасць нават давалі яму мянушкі, аднак гэтыя акалічнасці не перашкодзілі святому дасягнуць сапраўдных поспехаў. Святы Тамаш вучыць студэнтаў важнаму: быць пакорнымі перад праўдай, не баяцца цяжкасцяў у навучанні і разумець, што сапраўдная мудрасць прыходзіць ад Бога. Ён добра ведаў, што такое быць вучнем, і да канца заставаўся вучнем – нават калі стаў адным з найвялікшых настаўнікаў Касцёла.
Як правільна маліцца перад экзаменам?
Галоўнае, што варта памятаць: малітва – гэта не магічная формула, якая заменіць вучобу. Святыя заступаюцца за тых, хто сам прыкладае намаганні. Таму перад тым, як звярнуцца да святых, трэба сумленна падрыхтавацца да экзамену, супакоіць хваляванне і сабрацца з думкамі, а пасля здачы падзякаваць святому заступніку, незалежна ад выніку.
Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!