14 чэрвеня каталіцкая супольнасць Новалукомля перажыла незвычайную духоўную падзею. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч урачыста асвяціў бакавы алтар і абраз Езуса Міласэрнага. Гэта не проста аздабленне касцёла, а сапраўдная Брама Міласэрнасці, якая, па словах пробашча, упісваецца ў сусветны струмень ласкі.
Пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі на пачатку святой Імшы адзначыў адмысловасць гэтага дня:
– Гэты візіт адбываецца ў адметны час. Менавіта ў гэтыя дні ў Вільні праходзіў Сусветны апостальскі кангрэс міласэрнасці, які заклікаў увесь свет стаць сведкамі надзеі. Як дзейнічае Божы Провід, менавіта сёння наша парафія ў Новалукомлі ўпісваецца ў сусветны паток ласкі, адчыняючы сваю ўласную Браму Міласэрнасці праз гэты новы бакавы алтар.
Звяртаючыся да вернікаў, біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў: “Сапраўды, свет трымаецца яшчэ дзякуючы Божай любові, якая прабачае, і Божай міласэрнасці. Для мяне асаблівая радасць – асвяціць сёння яшчэ адзін алтар і абраз, прысвечаны менавіта Божай Міласэрнасці”.
Асаблівым госцем урачыстасці стаў мастак з Лепеля Аляксандр Саўчанка, які напісаў абраз Езуса Міласэрнага. Гэта ён увасобіў у фарбах знакаміты вобраз «Езу, давяраю Табе», які цяпер будзе прыцягваць сэрцы парафіян да галоўнай крыніцы надзеі.
Мастак не хаваў хвалявання:
– Мяне сёння пачуцці перапаўняюць як ніколі. Я не адчуваў сябе так ні на адной сваёй выставе. Для мяне гэта вялікі гонар, што на нашай зямлі магу прымяніць свае магчымасці і здольнасці – у новалукомльскім касцёле.
Пасля літургіі быў урачыста асвечаны бакавы алтар. Вернікі цеплымі словамі падзякавалі біскупу Алегу за малітву і пастырскае благаслаўленне, а свайму пробашчу ксяндзу Мікалаю Ліпскаму – за ахвярную працу ля касцёла і будаванне жывой парафіяльнай супольнасці.
Біскуп не пакінуў без увагі і тых, хто часта застаецца ў цені, але без каго немагчыма служэнне. Пятру Мікалаевічу Ліпскаму, бацьку ксяндза Мікалая, якому нядаўна споўнілася 75 гадоў, біскуп уручыў афіцыйную падзяку.
Іерарх адзначыў, што нястомная праца спадара Пятра ля касцёла – гэта жывы прыклад таго, як людзі служаць Богу сваімі рукамі.
Асвячэнне алтара Езуса Міласэрнага – гэта больш чым прыгожы момант. Гэта рэальны крок да таго, каб дэвіз «Міласэрнасць – надзея свету» ажыццявіўся на нашай зямлі. Цяпер у Новалукомлі ёсць свой алтар Божай Міласэрнасці, куды можна прыйсці з любой бядой ці сумневам. І як сказаў біскуп Алег: менавіта дзякуючы гэтай міласэрнасці яшчэ трымаецца наш свет.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


























