Колькі крокаў трэба прайсці ад вуглавога каменю да прыгожага велічнага храма? Колькі людзей павінна прыкласці намаганні, каб пабудаваць не проста муры касцёла, а сапраўдную супольнасць? Адказы на гэтыя пытанні добра ведаюць вернікі Пагошчы.
Пагошча – гэта маляўнічы аграгарадок на Браслаўшчыне. Людзей тут заўсёды аб’ядноўвала адданая праца на ніве земляробства і жывёлагадоўлі, а таксама шчырая вера ў Бога.
Менавіта дзякуючы веры, якую захавалі праз пакаленні, 8 красавіка 2001 тут адбылося ўрачыстае асвячэнне і закладка першага каменя пад будаўніцтва мураванага касцёла. А 7 чэрвеня 2026 года парафіяне і запрошаныя госці з радасцю і хваляваннем збіраліся, каб падзякаваць Пану Богу за 25-годдзе заснавання храма.
Ля брамы святыні вернікаў сустракаў ксёндз Славамір Самковіч і гасцінна запрашаў паглядзець выставу з адлюстраваннем гісторыі парафіі.
Тут былі фотаздымкі тых, хто калісьці распачаў будаўніцтва, а таксама выбітныя кадры з асобамі і падзеямі, якія назаўсёды засталіся ў сэрцах. Напрыклад першы шлюб 18 жніўня 2001 года, што ўдзяліў маладым закаханым тагачасны пробашч ксёндз Эдвард Ахрамовіч.
Тым часам храм быў напоўнены гукамі малітвы. Гэта вернікі старэйшага пакалення, якія некалі захавалі веру, перадалі яе дзецям, сёння гэтак жа пакорна і нястомна ўзносяць малітвы да Найвышэйшага Стварыцеля.
А 14 гадзіне на прыступках касцёла гасцінна прывіталі традыцыйным хлебам-соллю і цёплымі словамі шаноўнага госця – біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.
Разам з іерархам прысутныя накіраваліся ў святыню. Там невялікі экскурс у гісторыю католікаў на Браслаўскіх землях прадставіў краязнаўца Віктар Бунта.
Потым ксёндз Славамір Самковіч даў слова Раману Шукелю. Гэта не проста шматгадовы кіраўнік СВК “Маяк Браслаўскі”, але і чалавек, дзякуючы практычнай і фінансавай падтрымцы якога, святыня паўстала ў мінулым і развіваецца ў сучаснасці.
Раман Іванавіч падзяліўся ўспамінамі, як калісьці вернікі, якім не так проста было праехаць 14 кіламетраў да Браслаўскай святыні, зарэгістравалі мясцовую парафію. Гэта было ў 1994 годзе.
На малітву людзі збіраліся то ў клубе, то ва ўласных дамах. Стала відавочна — у Пагошчы неабходна будаваць храм.
Вернікі самастойна складалі ахвяраванні, працавалі фізічна талакою. Раман Іванавіч заўсёды быў побач, дапамагаў і ў падрыхтоўцы дакументаў, і ў арганізацыйных момантах, і фінансава.
Ён шчыра падзяліўся, як сёння радуецца сэрца. Бо і праз 25 год касцёл напоўнены духоўнымі цаглінкамі – людзьмі розных пакаленняў, у сэрцах якіх гарыць агеньчык веры.
Далей распачалася галоўная ўрачыстасць свята – Эўхарыстыя. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Алег. Падчас гаміліі ён зазначыў, што плён даюць толькі расліны, якія маюць карані. Для чалавека такім коранем і падмуркам з’яўляецца вера.
Жыццё і праца на вёсцы няпростыя, але сёння мы ўсе разам збіраемся на Імшы ў храме. Гэта знак таго, што з намі Бог.
Цытуючы словы Евангелля “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, іерарх разважаў, што сапраўднай міласэрнасці і любові немагчыма навучыцца ў тэорыі. Чалавек можа зрабіць гэта толькі будуючы сапраўдныя адносіны з Богам. І сённяшні юбілей касцёла – яскравае пацверджанне – адносіны існуюць, развіваюцца і ўзрастаюць.
Пасля Імшы парафіяне шчыра падзякавалі пробашчу ксяндзу Славаміру за шматгадовую апеку, ахвярнае служэнне і адкрытае сэрца для кожнага. Цёплыя словы прагучалі таксама ў адрас кіраўніка парафіяльнай рады Мадэсты Стэфановіч, а таксама Ліліі Казлоўскай – нястомнага арганізатара і ідэйнага натхняльніка.
Свята працягнулася на прыкасцёльнай тэрыторыі. Частуючыся смачным абедам, вернікі парафіі і госці размаўлялі, дзяліліся ўражаннямі, успамінамі і простай чалавечай радасцю.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!






























