Мелькіцкія каталіцкія епіскапы Лівана выступілі з рэзкім асуджэннем разбурэнняў у памежных населеных пунктах на поўдні краіны. Яны заклікалі міжнародную супольнасць неадкладна прыняць меры для спынення знішчэння рэлігійных і грамадзянскіх аб’ектаў.
4 мая 2026 года Сінод Мелькіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы пад кіраўніцтвам Патрыярха Юсэфа Абсі звярнуўся да ліванскіх уладаў, ААН і іншых міжнародных арганізацый з заклікам зрабіць канкрэтныя крокі для абароны грамадзянскага насельніцтва, яго маёмасці і рэлігійных структур у вёсках на поўдні краіны і на мяжы з Ізраілем. Да закліку далучыліся настаяцелі манаскіх супольнасцей у Ліване.
Падпісанты выказалі глыбокі боль і занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі пра разбурэнні ў Яруне і іншых памежных вёсках. Яны асудзілі дзеянні ізраільскіх узброеных сіл, якія, паводле іх слоў, наўмысна наносяць удары па рэлігійных і грамадзянскіх аб’ектах, а таксама па дамах мясцовых жыхароў.
“Касцёлы, школы, парафіяльныя залы і дамы – гэта месцы малітвы, адукацыі, служэння і жыцця. Нападаць на іх – значыць наносіць удар па чалавечай годнасці і праве чалавека на сваю зямлю і дом”, — гаворыцца ў заяве. Іерархі заўважылі, што ізраільская армія зносіць будынкі таксама ў населеных пунктах, пакінутых жыхарамі, на тэрыторыях, якія знаходзяцца пад яе поўным кантролем.
Паводле членаў Сінода, сітуацыя ў Яруне не з’яўляецца асобным выпадкам, але часткай маштабнай стратэгіі разбурэння. Яны заклікалі да неадкладнага спынення аперацый па зносе будынкаў і стварэння ўмоў для бяспечнага вяртання жыхароў у свае дамы.
Грэка-мелкіцкія епіскапы звярнуліся да ўрада Лівана, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і міжнароднай супольнасці з заклікам прыняць канкрэтныя меры для абароны мірнага насельніцтва, яго маёмасці і рэлігійных, адукацыйных і гуманітарных устаноў.
“Касцёл застанецца побач з народам, падзяляючы яго боль, абараняючы права на зямлю, дом і годнасць, а таксама молячыся аб справядлівым міры, які абароніць чалавечнасць і верне жыццё ў кожны дом і кожную вёску”, — гаворыцца ў дакуменце.
Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!