Тут былі тры дзяўчыны ці Тут былі тры дзяўчаты? Як правільна па-беларуску?

Чарговую тэму нашай моўнай старонкі падказала чытачка “Каталіцкага Весніка” спадарыня Алена З. з Гарадзеншчыны. Сп-ня Алена, наколькі можна зразумець з яе допісу да аўтара, найчасцей карыстаецца ў побыце беларускай мовай, але, прызнаецца, часам узнікаюць цяжкасці з правільным ужываннем асобных слоў і канструкцый. “Даўно хацела запытаць, як правільна выкарыстоўваць у множным ліку назоўнік дзяўчына. Кансультавалася са знаёмай настаўніцай-філолагам, дык тая кажа, што ў назоўным склоне множнага ліку будзе дзяўчаты. А мне падабаецца форма дзяўчыны. Толькі вось ці можна, ці варта яе ўжываць? У інтэрнэце таксама не знайшла адказу. Можа, на старонках “Каталіцкага Весніка” знайду?”, – задаецца пытаннем нашая чытачка. Безумоўна, мы шчыра дзякуем сп-ні Алене за цікавасць да газеты, да нашай моўнай старонкі і, натуральна, да нашай роднай мовы! Паспрабуем асвятліць узнятую праблему.

Адразу заўважым, што ў беларускай мове ёсць абедзве формы множнага ліку – і дзяўчаты, і дзяўчыны. Вельмі паказальны прыклад знаходзім у паэме Янкі Купалы “Сон на кургане”. Паводле сюжэту, у шынку працуюць чатыры дзяўчыны (сёння сказалі б – “афіцыянткі”). Яны нязмушана размаўляюць паміж сабой. Паэт называе іх проста: 1-я дзяўчына, 2-я дзяўчына, 3-я дзяўчына, 4-я дзяўчына. Далей чытаем: – Дзяўчыны (разам). А вось і госць! Ці ж не казалі. Уваходзяць двое”. Тут назоўнік дзяўчыны паказвае і на колькасць, бо раней ішла гаворка менавіта пра чатырох дзяўчын. Крыху пазней шынкар, гледзячы на гэтых дзяўчын, пахвальна адгукаецца пра іх папярэдніц, якія працавалі ў яго шынку раней: – Што ўперад вас былі дзяўчыны, / Пры тых не знаў такой пустэчы (у сэнсе, адсутнасці кліентаў у шынку). Дарэчы, досыць часта мы фіксуем у мастацкіх творах і памяншальна-ласкальную форму дзяўчынкі. Прыгадаем, да прыкладу: Гэй, жнема, бабкі і дзяўчынкі… / Пан справіць гучныя дажынкі (Янка Купала, “Песня жней”); Трасецца сетачка сняжынак, / Як смех прыгожанькіх дзяўчынак (Якуб Колас, “Новая зямля”).

Паводле правіла, назоўнік дзяўчына ў назоўным склоне множным ліку мае дзве формы – дзяўчыны і дзяўчаты. Пры гэтым з колькасным лічэбнікам ужываецца словаформа дзяўчыны: дзве, тры, чатыры дзяўчыны. Але не варта разглядаць як парушэнне літаратурнай мовы канструкцыі кшталту ў аўдыторыі знаходзіцца дзесяць дзяўчын або дваццаць сем дзяўчын прыйшло на заняткі. Такая практыка ўжо дастаткова трывала замацавалася ў нашай мове. Пры адсутнасці ў кантэксце лічэбніка традыцыйна выкарыстоўваецца форма дзяўчаты, якая мае значэнне зборнасці: у школе засталіся толькі дзяўчаты; дзяўчаты паказалі лепшыя за хлопцаў вынікі на тэсце; разам з дзяўчатамі прыйшлі і іх маці. Некаторыя аўтары ў сваіх тэкстах ужываюць абедзве формы, у тым ліку і з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі. Так, напрыклад, у Ф. Янкоўскага чытаем: Маці вучыць дзяўчынак вышываць і на ўсякае дамаводства; За некалькі хвілін дзяўчаткі паспелі і пасядзець, і паспрабаваць стаць на лаўку.

На наш погляд, форма множнага ліку дзяўчыны мае пэўныя перавагі, бо, скажам, існуе назоўны склон адзіночнага ліку – дзяўчына, чаго, зразумела, не назіраем у словаформе дзяўчаты. Але дзеля справядлівасці заўважым, што некаторыя пісьменнікі ў сваёй творчасці аддавалі перавагу менавіта форме дзяўчаты або дзяўчаткі. Так, у Кузьмы Чорнага чытаем: Гэта былі тыя самыя тры дзяўчаткі (“Насцечка”); Канстанцін кожным летам прыязджаў да бацькі з жонкаю і дзвюма дзяўчаткамі (“Прасторны дом”). Тут, як бачым, форма дзяўчаткі ўжытая з лічэбнікамі, што не характэрна для літаратурнай мовы. Але ж мова мастацкай літаратуры – гэта ўсё ж іншая справа, мастакі слова могуць на сваё разуменне і жаданне выкарыстоўваць і ўласныя формы слова. Падобнае ж бачым і ў Якуба Коласа: З трох дзяўчат Надзея была самая мілавідная.

Такім чынам, падсумуем сказанае. У сучаснай беларускай мове ў назоўным склоне множнага ліку ўжываюцца формы дзяўчыны і дзяўчаты. Назоўнік дзяўчыны выкарыстоўваецца традыцыйна з колькаснымі лічэбнікамі – дзве, тры, чатыры дзяўчыны, а слова дзяўчаты не патрабуе лічэбніка, але можа ўдакладняцца лексемай няпэўна-колькаснай семантыкі: шмат дзяўчат, мала дзяўчат, група дзяўчат і інш. Таксама ў множным ліку ўжываюцца формы названых слоў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі – дзяўчынкі і дзяўчаткі.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял дапаможа ў выбары патрэбнага слова ў кожнай канкрэтнай маўленчай сітуацыі.

Юрась Бабіч – кандыдат філалагічных навук

для друку для друку