Хрысціянства застаецца самай вялікай рэлігіяй планеты

Ілюстрацыйнае фота

Хрысціянства застаецца самай шматлікай рэлігіяй свету, аб’ядноўваючы 2,38 мільярда чалавек, сярод якіх найбуйнейшую групу – 1,2 мільярда – складаюць католікі.

Паводле справаздачы «World Population Review», хрысціяне складаюць амаль траціну ад 8,3-мільярднага насельніцтва Зямлі.

Найбольшая колькасць вернікаў пражывае ў Злучаных Штатах Амерыкі (213 мільёнаў) і Бразіліі (180 мільёнаў), аднак у працэнтных суадносінах лідзіруюць малыя дзяржавы: Ватыкан (100 працэнтаў), Усходні Тымор (99,6 працэнта) і Амерыканскае Самоа (98,3 працэнта). Сярод вялікіх краін вылучаецца Румынія з паказчыкам у 98 працэнтаў.

У той час як у абедзвюх Амерыках, Афрыцы і частцы Азіі хрысціянства ўпэўнена дамінуе, Еўропа з сярэдзіны ХХ стагоддзя дэманструе стабільны спад. Гэта вынік секулярызацыі, змены жыццёвых прыярытэтаў і дэмаграфічных трансфармацый. Тым не менш, агульная колькасць вернікаў у свеце застаецца высокай: 85 працэнтаў жыхароў планеты вызнаюць тую ці іншую рэлігію.

Услед за хрысціянамі па колькасці ідуць мусульмане (1,91 мільярда) і індуісты (1,16 мільярда). Колькасць атэістаў і людзей без рэлігійнай прыналежнасці складае каля 1,19 мільярда.

Даныя грунтуюцца на лічбах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і «Pew Research Center», адлюстроўваючы рэлігійную самаідэнтыфікацыю чалавецтва, а не інтэнсіўнасць духоўнага жыцця.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку