Эўхарыстычнае адраджэнне ў ЗША: вера вяртаецца ў парафіі

Ініцыятыва “Нацыянальнае эўхарыстычнае адраджэнне” ў ЗША значна ўзмацніла веру ў рэальную прысутнасць Хрыста і падштурхнула католікаў да актыўнага валанцёрства.

Вынікі шырокамаштабнага апытання “Share Your Perspective”, апублікаваныя 15 студзеня 2026 года, паказваюць станоўчую дынаміку ў рэлігійным жыцці амерыканскіх католікаў пасля трохгадовай ініцыятывы епіскапату ЗША.

Вера ў рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі сярод актыўных вернікаў дасягнула 90 працэнтаў, што з’яўляецца значным ростам у параўнанні з перыядам пасля пандэміі 2021 года. Арцыбіскуп Чарльз Томпсан адзначыў, што ініцыятыва дапамагла распазнаць не толькі плён, але і новыя патрэбы ўнутры Касцёла.

Асаблівы рост зафіксаваны ў практыцы Эўхарыстычнай адарацыі і грамадскім валанцёрстве, якія сталі важнымі элементамі жыцця вернікаў. Удзельнікі нацыянальных пілігрымак і кангрэсаў часцей звяртаюцца да Святога Пісання, рэгулярнай споведзі і ўдзелу ў будзённых святых Імшах. Для многіх католікаў Эўхарыстыя стала не проста абрадам, а крыніцай сіл для служэння бліжнім у сваіх парафіях.

Нягледзячы на поспех сярод пастаянных вернікаў, апытанне выявіла цяжкасці ў працы з тымі, хто адышоў ад Касцёла. Арганізатары адзначаюць недахоп рэсурсаў на парафіяльным узроўні і пагрозу “выгарання” лідараў-валанцёраў без належнай інстытуцыйнай падтрымкі. Наступны этап адраджэння патрабуе больш шчыльнай каардынацыі паміж суседнімі парафіямі і лепшага доступу да адукацыйных матэрыялаў.

Дадзеныя пацвярджаюць, што “Эўхарыстычнае адраджэнне” стала жывым рухам, які здольны прыносіць плён і ў будучыні, калі Касцёл зможа пашырыць сваю місію па-за межы ўжо ўцягнутых у жыццё супольнасці вернікаў.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку