Пра падарункі на Божае Нараджэнне

Божае Нараджэнне нельга ўявіць сабе без падарункаў. Гэтыя падарункі – не проста чарговы пакунак цукерак ці новая цацка. Але і магчымасць зрабіць крышку цяплейшым свет і перамяніць сэрцы.

  1. Пошукі сэнсу

Хрысціяне лічаць, што першыя каштоўныя дары склалі для Езуса Хрыста тры мудрацы. Крыху пазней з’явілася гісторыя пра Святога Мікалая, які аднойчы таемна пакінуў грошы бедным дзяўчатам, каб тыя маглі выйсці замуж. Але галоўны падарунак зрабіў усім нам Пан Бог. Ён падарыў Сына, Які стаў Чалавекам.

Якія гісторыі вы раскажаце сваім дзецям, залежыць ад узросту і сямейных традыцый. Вельмі важна патлумачыць, што не толькі яны атрымліваюць падарункі. Варта паклапаціцца, каб дзеці таксама навучыліся дарыць падарункі. Гэта прыклад дабрыні, уважлівасці да іншага чалавека, адкрытасці сэрцаў.

Складзіце спіс і падумайце, каму б вы хацелі зрабіць падарунак. Успомніце пра сваякоў, сяброў, аднакласнікаў, блізкіх людзей для сям’і і дзяцей. Запішыце разам, каму і што вы б хацелі падарыць.

  1. Падарункі – ніша для творчасці

Неабавязкова марнаваць на падарункі шмат грошай, асабліва, калі ў вас ёсць дзеці. Дазвольце ім ствараць падарункі самастойна. Канешне ж, з вашай дапамогай.

Перш за ўсё – гэта вялікая ніша для творчасці. Чым любіць займацца вашае дзіця? Маляваць, рабіць аплікацыі, ляпіць з пластыліну, а можа, пісаць вершы? Выкарыстайце гэтыя таленты для стварэння маленькіх і вялікіх шэдэўраў. Гэта будзе цудоўны час не толькі для дзяцей, але і для ўсёй сям’і.

  1. Убачыць тых, хто патрабуе

Святы Божага Нараджэння – гэта добры час, каб звярнуць увагу на тых, хто побач, і зрабіць учынкі міласэрнасці. Адкрыйце сэрцы і паглядзіце наўкол: можа, побач з вамі жыве самотны чалавек, які будзе радавацца паштоўцы з белым аплаткам, простым прадуктам, печыву? А можа, сябра вашай дачкі ці сына са шматдзетнай сям’і ці той, якая мае патрэбу? І ён будзе задаволены, калі атрымае кнігу, прыгожы шалік ці  новую цацку.

У гэты перыяд дабрачынныя арганізацыі (напрыклад, “Карытас”) таксама праводзяць акцыі, на якія можна ахвяраваць грашовыя сродкі. Зрабіце маленькі жэст міласэрнасці і абавязкова абмяркуйце яго з дзецьмі.

  1. Малітва – добры падарунак

А што мы разам з дзецьмі можам прынесці на Дзень Нараджэння Езусу Хрысту? Думаю, што Яго Сэрца вельмі парадуецца, калі ўся сям’я прыйдзе на малітву.

У кожнага з нас – дзяцей і дарослых – шмат просьбаў, але няхай ля стаенкі Нованароджанага прагучаць словы падзякі і праслаўлення.

Перад тым, як пайсці ў храм, абмяркуйце тыя вялікія і дробныя рэчы, за якія хочаце падзякаваць, і абавязкова раскажыце пра іх Маленькаму Збаўцу.

Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей

для друку для друку