5 і 6 снежня Карытас Польшча праводзіць акцыю «Так, я дапамагаю!» па зборы прадуктаў харчавання для людзей у патрэбе. Акцыя праходзіць у крамах па ўсёй Польшчы.
У пятніцу і суботу ў амаль 2000 крамах па ўсёй Польшчы валанцёры збіраюць прадукты працяглага захоўвання. Такога кшталту падтрымка вельмі важная для падрыхтоўкі калядных пасылак для 50 тысяч чалавек, якія маюць патрэбу.
Больш за 400 тысяч пажылых людзей у Польшчы ўсё яшчэ жывуць за рысай беднасці. Гэта азначае, што ім не хапае самага неабходнага: ежы, лекаў і сродкаў гігіены. Многія пажылыя людзі адмаўляюцца ад пажыўнай ежы, каб дазволіць сабе такія рэчы, як лекі.
Каляды, час, які павінен прыносіць цяпло, клопат і прысутнасць, можа азначаць яшчэ большую адзіноту і холад паўсядзённага жыцця для бедных. Няхай на гэтыя Каляды ніхто не будзе галодны.
«Для людзей, якія жывуць у беднасці, самае цяжкае — гэта не адсутнасць падарункаў ці пышнага, раскошнага стала, а штодзённы голад і адзінота. Вось чаму Карытас падтрымлівае гэтую групу ўжо шмат гадоў, бо гэта не проста забеспячэнне ежай, але і магчымасць сустрэцца, пагаварыць і падзяліцца кубкам гарбаты», — падкрэслівае ксёндз Януш Майда, дырэктар Карытас Польшча.
Для многіх людзей, якія жывуць у крайняй беднасці, цёплая ежа — рэдкая раскоша. Вось чаму акцыя «Так. Я дапамагаю!» так жыццёва неабходная. Яна рэагуе на рэальныя, тэрміновыя патрэбы бедных, у тым ліку тысяч пажылых людзей, якія ў цішыні і сціпласці спрабуюць пражыць яшчэ месяц.
У мінулым годзе ў амаль 1800 крамах было сабрана 260 тон прадуктаў харчавання. У акцыі ўдзельнічала каля 24 тысяч валанцёраў з 38 дыяцэзій. Гэта аказала матэрыяльную падтрымку больш чым 40 тысячам чалавек.
У рамках 26-й акцыі «Так. Я дапамагаю!» на сённяшні дзень было сабрана амаль 8 500 тон прадуктаў харчавання, што дазволіла падтрымаць каля 1,5 мільёна чалавек у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Гэта не проста статыстыка, а тысячы рэальных чалавечых гісторый.
ekai.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

