Распачалі Адвэнт – час радаснага чакання Божага Нараджэння. Каб гэтае чаканне стала плённым для ўсёй сям’і, разгледзім некалькі практычных парадаў.
- Чым Адвэнт з’яўляецца для вас?
У сучасным свецкім грамадстве, на жаль, тэма Адвэнту папулізаваная і разрэкламаваная да такой ступені, што Хрыстус там быццам бы не існуе. Таму вельмі важна размаўляць з дзецьмі і тлумачыць, што такое Адвэнт, якую падзею вы разам чакаеце, якія крокі вы будзеце рабіць, каб узрастаць духоўна.
Першай дапамогай для сям’і стануць урыўкі з Бібліі, дзе апісваецца, напрыклад, Звеставанне, прароцтвы, заклікі Яна Хрысціцеля і г.д. Варта таксама засяроджвацца над урыўкамі, якія штодня прапануе Касцёл падчас літургіі. Такім чынам, з Божым словам сустрэнуцца не толькі дзеці, але і бацькі.
Калі дзеці зусім маленькія, пераказвайце ім гэтыя ўрыўкі простымі словамі. Галоўнае, каб яны разумелі: Адвэнт – гэта зусім не каляндар. Таксама абмяркуйце разам, што сям’я будзе рабіць, каб гэты час стаў асаблівым. Напрыклад, захоўваць пост, здзяйсняць добрыя ўчынкі, хадзіць на рараты. Падумайце, што б вы хацелі і маглі рабіць разам.
- Які ён, адвэнт-каляндар вашай сям’і?
Пра тое, як з’явіўся адвэнт-каляндар, ёсць шмат розных меркаванняў. Напрыклад, некаторыя крыніцы падаюць, што прататыпам календара сталі дэкарацыі ў сярэднявечных храмах. У цэнтры была Марыя з Дзіцяткам, а на фоне – дрэва з 24 галінкамі. Гэтыя галінкі сімвалізавалі дні, што заставаліся да Божага Нараджэння.
Іншыя крыніцы кажуць, што першы адвэнт-каляндар прыдумаў лютэранскі пастар, якога дзеці замучылі пытаннем : “Калі ўжо Божае Нараджэнне?”
Сёння ў продажы ёсць шмат адвэнт-календароў з самым розным напаўненнем: ад цукерак да дэкаратыўнай касметыкі. Але які сэнс яны нясуць? Калі ў сям’і вы вырашылі прыдбаць такі каляндар, пастарайцеся надаць яму хрысціянскі змест. Дапамагчы ў гэтым могуць розныя хрысціянскія крамы і інтэрнэт-крыніцы. Таксама разам з дзецьмі вы можаце праявіць фантазію, распрацаваць і стварыць свой непаўторны адвэнт-каляндар.
Дарэчы, названы каляндар зусім не з’яўляецца абавязковым элементам Божага Нараджэння.
- Чаканне Божага Нараджэння ў вашым доме
І дзеці, і іх бацькі шмат часу праводзяць у школе, на працы, у крамах і грамадскім транспарце. Часта гэта шмат шумных, трывожных, напружаных гадзін. Таму пастарайцеся стварыць у вашым доме атмасферу, у якую хочацца вяртацца. Няхай ён будзе напоўнены цішынёй, добрай музыкай, пахамі смачных страў і абавязкова супольнымі размовамі і малітвай.
Канешне, для гэтага давядзецца пастарацца кожнаму чальцу сям’і: адмовіцца або скараціць час з гаджэтамі і тэлевізарам, прысвяціўшы яго адно аднаму. Падумайце, чым сёння вы можаце парадаваць, напрыклад, маму, а на наступны дзень, што добрага зрабіць для таты, брата, ці сястры. Варта таксама паклапаціцца, каб дом быў утульным, можна ўпрыгожыць месца малітвы.
Такія маленькія жэсты будуць спрыяць супакою і цёплым адносінам.
- Важныя падзеі ў парафіі
Адвэнт – гэта не толькі знешняя падрыхтоўка, але і падрыхтоўка сэрца. Каб дапамагчы вернікам перажываць чаканне Божага Нараджэння, каталіцкі Касцёл прапануе малітоўныя набажэнствы і духоўныя практыкі, якія праводзяцца ў кожнай парафіі. Гэта Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Раратнія святыя Імшы, рэкалекцыі. Імкніцеся, каб сям’я прымала ў іх удзел. Асабліва важна, калі вашыя дзеці зусім малыя, каб маме дапамаглі быць у гэтыя дні ў касцёле, памаліцца і прыступіць да сакраманту споведзі.
- Падвядзенне вынікаў
Напрыканцы Адвэнту збярыцеся разам. Падзяліцеся, як прайшоў гэты час, якія падзеі прынеслі радасць, а якія засмуцілі. Старайцеся засяроджвацца нават на самых дробных пазітыўных момантах, падзякуйце Пану Богу і адно аднаму за гэтыя дні.
Безумоўна, на вашым шляху абавязкова будуць цяжкасці, стомленасць, непаразуменні. Галоўнае – не спыняцца і верыць: Езус Хрыстус, Уцелаўлёны Бог, прыходзіць да кожнага чалавека і ў кожнае сэрца.
Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!