25 кастрычніка ў касцёле святога Андрэя Баболі ў Полацку прайшла чацвёртая агульнадыяцэзіяльная сустрэча груп Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ), якія дзейнічаюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі.
На пачатку ўсіх прысутных прывітаў ксёндз Славамір Самковіч, адказны за АДДЧ у Віцебскай дыяцэзіі. Сустрэча распачалася супольнай малітвай Апостальства, затым перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам быў час на малітву ў цішыні і сакрамант пакаяння.
Пасля адарацыі адбылася канферэнцыя, якую правёў пробашч парафіі ксёндз Славамір Самковіч, які засяродзіў увагу над важнасцю пазнання самога сябе, над шчырасцю і праўдзівы жаль падчас споведзі.
Галоўным пунктам праграмы сустрэчы была Святая Эўхарыстыя. Літургію ўзначаліў пробашч Полацкай парафіі кс. пралат Францішак Кісель. “Няма большай любові, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх – менавіта такую любоў завяшчаў нам Хрыстус. Аддаванне свайго часу праз малітву, удзел у св. Імшы, пост, добрыя ўчынкі – гэта ёсць школа любові. Свет сёння часта жыве так, як быццам смерці няма, засяроджваецца на імгненным, матэрыяльным. Мы, веруючыя ў вечнае жыццё, здаемся для свету дзіўнымі, але наша вера і служэнне – гэта вялікая надзея, як для сябе так і для іншых, так і для душ у чыстцу. Мы ведаем, што Езус – уваскрасенне і жыццё. І ведаем, што наша малітва мае моц”, — падкрэсліў святар.
Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Славамір выказаў словы ўдзячнасці тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення спаткання, а таксама ўсім яго ўдзельнікам за прысутнасць і супольную малітву.
Марына Сінкевіч, тэкст
Марыя Ганчаронак, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!




















