Ці з’яўляецца перапыненне малітвы, каб дапамагчы камусьці ў патрэбе, занядбаннем Бога? Святы Вінцэнт дае ясны адказ.
Малітва – сустрэча з Богам
Малітва – гэта прастора, у якой чалавек адкрываецца на дзеянне ласкі і вучыцца слухаць Бога. Без яе цяжка развіваць духоўную чуласць і распазнаваць Яго волю. Менавіта ў малітве нараджаецца гатоўнасць жыць паводле Евангелля.
Святы Вінцэнт не адкідае яе каштоўнасці, але нагадвае нам, што яна не заўсёды з’яўляецца першым прыярытэтам. «Вам не трэба турбавацца духам або дакараць сябе ў граху за тое, што вы прапускаеце малітву з-за служэння патрабуючым». Малітва павінна весці да дзеяння, а не адцягваць ад яго.
Учынкі любові як малітва на практыцы
Калі хтосьці знаходзіцца ў патрэбе, святы Вінцэнт не сумняваецца: «служэнне бедным павінна быць вышэй усялякай іншай дзейнасці і неадкладна выконвацца». У такія моманты жэст міласэрнасці становіцца найпрыгажэйшай формай ушанавання Бога.
Даваць лекі, падтрымліваць пакутуючых ці простае прысутнасць побач з адзінокім чалавекам — гэта не нешта менш духоўнае, чым стаяць на каленях перад алтаром. Як піша святы: «Не занядбоўваем Бога, калі пакідаем Яго дзеля Яго самога, гэта значыць, калі мы пакідаем адну з Божых спраў, каб зрабіць іншую».
Любоў па-над усім
Найвышэйшым крытэрыем хрысціянскага жыцця з’яўляецца не працягласць малітвы, а любоў. Святы Вінцэнт нагадвае нам: «любоў важней за ўсе законы, так, менавіта да яе ўсе яны павінны імкнуцца». Менавіта яна становіцца арыенцірам, калі трэба выбіраць паміж малітвай і дзеяннем.
У любові чалавек сустракае самога Бога, асабліва ў тых, хто «найбольш пакінуты». Адсюль заклік святога: «З абноўленай адданасцю прысвяцім сябе служэнню бедным; будзем шукаць найбольш пакінутых: бо мы прынялі іх як нашых спадароў і кіраўнікоў».
Гармонія малітвы і ўчынка
Для св. Вінцэнта няма саперніцтва паміж малітвай і добрымі ўчынкамі. Абодва шляхі сыходзяцца ў любові, і кожны момант патрабуе разважлівага выбару. Часам трэба моўчкі стаяць на каленях, а часам схіляцца над хворым — абедзве гэтыя паставы ёсць малітвай.
Таму можна сказаць, што «пакінуць» малітву на карысць міласэрнасці — гэта не страта, а выкананне яе сэнсу. Менавіта тады, у жэсце дапамогі, чалавек моліцца найбольш поўна — не словамі, а сэрцам.
pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач
