Каталіцкі ўніверсітэт Нотр-Дам у ЗША сабраў экспертаў для распрацоўкі хрысціянскага падыходу да штучнага інтэлекту на аснове прынцыпаў годнасці, любові і трансцэндэнтнасці.
Каталіцкі ўніверсітэт Нотр-Дам у ЗША праводзіць з 22 па 25 верасня 2025 года міжнародны саміт «Штучны інтэлект, вера і чалавечы росквіт», прысвечаны ўплыву хрысціянскіх каштоўнасцей на развіццё гэтай тэхналогіі.
Хрысціянскі голас у тэхналагічным свеце
Універсітэт прадставіў сваю стратэгію «DELTA» для этыкі ШІ, заснаваную на пяці прынцыпах: годнасць, увасабленне, любоў, трансцэндэнтнасць і свабода дзеяння.
Прафесар філасофіі Меган Саліван, дырэктар Інстытута этыкі і агульнага дабра, падкрэсліла неабходнасць падыходзіць да тэхналагічнага прагрэсу «з пакорай і іншымі цнотамі» у эпоху «тэхналагічнага трыумфалізму».
«Было б катастрофай, калі б хрысціяне не прысутнічалі на наступным этапе абмеркавання лічбавай трансфармацыі», — папярэдзіла яна, адзначыўшы, што ў мінулым прадстаўнікі хрысціянства практычна адсутнічалі ў дыскусіях пра лічбавую рэвалюцыю.
Хрысціянскія прынцыпы для ШІ
Саліван растлумачыла пяць прынцыпаў DELTA, падкрэсліўшы, што «годнасць» нагадвае пра каштоўнасць кожнага чалавека незалежна ад яго разумовых здольнасцей ці прадуктыўнасці.
«Увасабленне» падкрэслівае нашу фізічную і грамадскую прыроду, якую не можа замяніць віртуальны свет. «Любоў» указвае на важнасць сапраўдных чалавечых сувязей замест сімуляцыі праз чат-боты.
«Трансцэндэнтнасць» заклікае захоўваць здольнасць да захаплення і ўдзячнасці ў свеце, дзе ШІ інтэрпрэтуе рэчаіснасць, а «свабода дзеяння» падтрымлівае важнасць маральнага выбару, які можа зрабіць толькі чалавек.
Саліван запрасіла ўдзельнікаў «дапамагчы свету па-іншаму глядзець на ШІ», спалучаючы магчымасці тэхналогіі з хрысціянскімі каштоўнасцямі.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
