«Леў з Чыкага»: новы фільм пра невядомыя старонкі жыцця Папы

Застаўка фільма «Леў з Чыкага»

Фільм «Леў з Чыкага» прадставіць глыбокі і ў пэўных аспектах дагэтуль невядомы партрэт новага Папы. Пра яго дзяцінства, сямейныя сувязі і пакліканне распавядаюць каля 30 сведкаў.

Дыкастэрыя па камунікацыі паведаміла пра стварэнне новага дакументальнага фільма, прысвечанага амерыканскаму перыяду жыцця Папы Льва XIV. Падарожжа, здзейсненае журналістамі Дэбарай Кастэлана Любоў, Сальваторэ Чэрнуцыё і Феліпэ Эрэра-Эспаліят, праходзіць праз раёны Чыкага, пачынаючы ад сямейнага дома ў прыгарадзе Долтан, з успамінамі і аповедамі двух братоў Папы – Луіса Марціна і Джона.

Здымачная група наведала бюро, школы і парафіі, якімі кіравалі аўгустынцы, Каталіцкі тэалагічны саюз, а таксама месцы, якія наведваў тады яшчэ айцец Роберт Фрэнсіс Прэвост – такія як рэстаран “Aurelio’s Pizza” ці стадыён “Rate Field” каманды “White Sox”. Маршрут таксама пашырыўся на Універсітэт Віланова, што за некалькі кіламетраў ад Філадэльфіі, і на Порт-Шарлот (Фларыда), месца жыхарства старэйшага брата Папы.

Каля трыццаці сведак, звязаных з цяперашнім Пантыфікам, праз гісторыі, анекдоты, фатаграфіі і запісы дапамагаюць на працягу дакументальнага фільма паглыбіцца ў асобу таго, хто з 8 мая 2025 года быў пакліканы да кіравання Паўсюдным Касцёлам.

У фільме распавядаецца пра чалавека, які ўжо ў дзяцінстве выяўляў схільнасць да рэлігійнага жыцця. Як дзіця ён імітаваў цэлебрацыю Імшы і чытаў малітвы на лацінскай мове. Вельмі рана пачаў шлях распазнання, каб уступіць у Ордэн святога Аўгустына. Вывучаў матэматыку і тэалогію, завязваючы сапраўдныя сувязі з аднакурснікамі і таксама ўдзельнічаючы ў ініцыятывах па абароне жыцця.

У дакументальным фільме таксама паказаны чалавек, які пакінуў сваю Радзіму, каб выехаць у Перу, і які з бадзёрасцю духу і рашучым лідарствам кіраваў адным з самых шматлікіх ордэнаў у свеце. Чалавек, які слухаў музыку 60-х і 70-х гадоў, любіў кіраваць аўтамабілем, глядзеў тэлебачанне і цікавіўся бейсболам.

Фільм «Леў з Чыкага» з’яўляецца працягам дакументальнага фільма «Леў з Перу», які быў прадстаўлены ў чэрвені 2025 года і прысвечаны гадам місіі айца, а затым біскупа Прэвоста, у паўднёваамерыканскай краіне. Фільм павінен выйсці ў бліжэйшы час.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку