Лічаныя дні аддзяляюць дзяцей і моладзь ад пачатку новага навучальнага года. Ужо хутка хлапчукі і дзяўчаты зноў сядуць за парты, каб працягнуць навуку. Аднак 1 верасня пачынаецца не толькі новы школьны навучальны год, але яшчэ і катэхетычны. Многія дзеці распачнуць таксама падрыхтоўку да Першай Святой Камуніі. Як добра падрыхтаваць дзіця да гэтай падзеі? Якая роля ў гэтым працэсе бацькоў? Якія аспекты неабходна ўлічваць, рыхтуючы дзяцей да сустрэчы з Хрыстом? Гэтыя і многія іншыя пытанні мы задалі Таццяне Малько – катэхетцы з парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі.
– Хвала Хрысту, Таццяна! Раскажыце, калі ласка, якая асноўная мэта навучання дзяцей перад Першай Святой Камуніяй?
– Галоўная мэта – гэта пашырэнне і паглыбленне ведаў дзяцей пра Бога і Касцёл. Неабходна дапамагчы зразумець хрысціянскія каштоўнасці і прынцыпы. Навучанне накіраванае таксама і на тое, каб дзеці зразумелі важнасць Святой Камуніі ў іх жыцці, а таксама развівалі асабістыя ўзаемаадносіны з Богам, практыкавалі малітву і прымалі ўдзел у жыцці Касцёла. Гэта тая аснова, якая неабходная для духоўнага развіцця.
– Раскажыце пра матэрыялы і падручнікі, якімі Вы карыстаецеся падчас заняткаў?
– Асновай з’яўляюцца падручнікі, распрацаваныя сястрой Нунэ Цітаян і выдадзеныя ў выдавецтве “Про Хрысто”. Гэтыя кнігі змяшчаюць увесь неабходны матэрыял для плённай падрыхтоўкі. Тэмы сугучныя з літургічным календаром. Пасля тэарэтычнай часткі ёсць практычная, якая змяшчае заданні па пройдзенай тэме. Падручнік другога года адсылае да разважанняў і глыбейшага разумення духоўных рэчаў. Дапаможнікі таксама змяшчаюць малітвы і песні.
– Колькі доўжыцца падрыхтоўка да Першай Святой Камуніі? Ці можа яна быць пры неабходнасці зменшаная?
– Падрыхтоўка доўжыцца два гады. Праграма першага года дазваляе пазнаёміцца з Богам і Касцёлам. Акрамя таго, што дзеці наведваюць заняткі па катэхэзе, яны яшчэ павінны наведваць Святую Імшу ў нядзелі і ва ўрачыстасці. Другі год дапамагае маральна і духоўна падрыхтавацца да сакраманту на падмурку атрыманых ведаў. Два гады – гэта аптымальны час для таго, каб падрыхтавацца, пачаць стала наведваць касцёл, зразумець хрысціянскія праўды. Бываюць выпадкі, калі гэты тэрмін змяншаецца. Аднойчы давялося рыхтаваць хлопчыка, якому было шаснаццаць гадоў. Праграма разлічаная на ўзрост 8-10 гадоў. У выніку падлетак падрыхтаваўся за год. Але гэтыя выпадкі, зразумела, не з’яўляюцца правілам, хутчэй – выключэннем.
– Якія асаблівасці ёсць у адносінах дзяцей да веры?
– За чатыры гады выкладання катэхезы я заўважаю, што духоўнасць дзяцей адпавядае духоўнасці бацькоў. Калі бацькі не практыкуюць веру, то і дзіця ў хуткім часе пасля таго, як прыступіць да сакраманту, адыдзе ад Касцёла. Гэта з’яўляецца пэўнай тэндэнцыяй, якая не змяняецца.
– Што бацькі павінны рабіць для таго, каб адносіны з Богам не скончыліся пасля завяршэння Белага Тыдня?
– Быць прыкладам веры: сістэматычна ўдзельнічаць у Святой Імшы, штодзённа маліцца, жыць добрым хрысціянскім жыццём. Выхаванне ўласным прыкладам з’яўляецца больш дзейсным, чым выхаванне словам. Хтосьці з вядомых людзей трапна зазначыў: “Не выхоўвайце сваіх дзяцей. Выхоўвайце сябе: дзеці вырастуць і стануць падобнымі да вас”. І гэта правіла сапраўды працуе.
– Дзякуй за размову!
Гутарыла Марта Венславовіч
