Каталіцка-тэалагічны факультэт Універсітэта Людвіга-Максіміліяна ў Мюнхене (Ludwig-Maximilians-Universität München), аднаго з найстарэйшых і найбольш аўтарытэтных універсітэтаў Еўропы, афіцыйна прысвоіў ступень доктара кананічнага права (Dr. iur. can.) кс. Віктару Гайдукевічу SDB, які паходзіць з Беларусі і з’яўляецца членам Таварыства Святога Францішка Сальскага (Салезіяне кс. Боска).
Рашэнне было прынята пасля паспяховага завяршэння поўнага курса доктарскай падрыхтоўкі і абароны дысертацыі ў галіне кананічнага права. Урачыстае завяршэнне працэдуры адбылося 23 чэрвеня 2025 года пад старшынствам прэзідэнта ўніверсітэта прафесара д-ра Бэрнда Хубэра і дэкана факультэта прафесара кананічнага права д-ра Эльмара Гютгофа, аднаго з вядучых спецыялістаў у гэтай галіне.
Навуковае даследаванне было выканана ў межах VI кнігі кананічнага права “Карныя санкцыі ў Касцёле” з улікам актуальных аспектаў працэсуальнага права.
У працы праведзены паглыблены аналіз развіцця кананічных нормаў у розных гістарычных рэдакцыях Кодэкса кананічнага права (1917, 1983, а таксама рэформа 2021 года) з улікам практыкі іх прымянення ў сучасным дысцыплінарным кантэксце. Даследаванне спалучае тэарэтычную глыбіню з практычнай накіраванасцю і ўносіць важкі ўклад у развіццё сучаснай кананічнай юрыспрудэнцыі.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!