У Жупранах адбыўся летні адпачынак “Савіо-клуба”

З 5 па 8 чэрвеня ў Жупранах прайшоў адпачынак для ўдзельнікаў “Савіо-клуба”, які сабраў удзельнікаў з Мінска, Смаргоні і Бараўлянаў.

На працягу года дзеткі кожны месяц сустракаліся ў сваіх прысутнасцях і пад кіраўніцтвам аніматараў, святароў і сясцёр даведваліся пра жыццё і прыклад святасці Дамініка Савіо, узбагачаючы тым самым свае рэлігійныя веды і паглыбляючы рэлігійнае выхаванне.

Кожны дзень пачынаўся з малітвы, хлопцы і дзяўчаты маглі глыбей пазнаваць сваю веру і разважаць над тым, як у штодзённым жыцці можна дасягаць святасці. Святары салезіяне, сёстры салезіянкі і аніматары праводзілі для іх цікавыя катэхізацыі, дзе тлумачылі, што шлях да святасці пачынаецца з простых рэчаў – дабраты, шчырасці і любові да бліжняга.

Удзельнікі не толькі маліліся, але і пазнавалі багатую гісторыю гэтага месца. Акрамя духоўнага напаўнення, ў лагеры было шмат месца для радасці і сяброўства – розныя гульні, спаборніцтвы, творчыя заняткі і нават футбольныя матчы.

Вечары завяршаліся забаўляльнай праграмай, цёплымі размовамі, гульнямі і традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч.

Асобнай часткай праграмы стала наведванне лесу, дзе дзеці прыбіралі смецце і знаёміліся з біяразнастайнасцю навакольнага асяроддзя, тым самым выхоўваючы адказнае стаўленне да прыроды і клопату пра будучыню. Таксама дзеці прынялі ўдзел у эка-квэсце.

Гэтыя дні сталі сапраўды асаблівым часам, калі кожны змог не толькі адпачыць душой і целам, але і знайсці новых сяброў, умацаваць сваю веру і пераканацца, што святасць – гэта сапраўды шлях, поўны радасці і свету.

“Савіо-клуб” зноў даказаў, што ён – не проста месца для сустрэч, але сапраўдная сям’я, дзе кожны адчувае сябе важным і каштоўным.

sdb.by

для друку для друку