Урачыстасць Спаслання Святога Духа з’яўляецца днём нараджэння ўсяго Касцёла. А вернікі Параф’янаўскай парафіі адзначалі “другое нараджэнне” – адкрыццё адноўлена капліцы Маці Божай Ружанцовай.
8 чэрвеня 2025 каля святыні з густам упрыгожанай і ўтульнай, хоць і не вельмі вялікай, парафіяне чакалі асаблівага госця свята — біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Іерарха прывіталі традыцыйнымі хлебам-соллю, а таксама перадалі ключы ад капліцы і папрасілі аб яе асвячэнні.
Падчас гаміліі біскуп Алег зазначыў, што на жаль у нашым грамадстве доўгія гады людзей вучылі жыць без Бога, будаваць сваё жыццё на сумнеўных каштоўнасцях матэрыяльных дабротаў. Сённяшняя ўрачыстасць паказвае нам дзеянне адной з найбольш неспазнанай асобы Святой Тройцы — Святога Духа. І плёны гэтага дзеяння – перамена сэрцаў.
Чалавек можа доўга шукаць і назапашваць каштоўнасці гэтага свету, але без супрацоўніцтва са Святым Духам, патрэбы яго душы ніколі не будуць задаволеныя.
Адкрыццё адноўленай капліцы сведчыць менавіта пра патрэбу вернікаў парафіі жыць духоўным жыццём, каб напрыканцы зямнога жыцця сустрэцца з Богам Айцом Сынам і Святым Духам у Нябесным Валадарстве.
Напрыканцы Імшы ў адрас біскупа прагучалі шчырыя словы падзякі ад парафіянаў і прадстаўнікоў свецкіх улад. Гістарычны момант быў захаваны ў агульным фотаздымку, на якім з вялікай цяжкасцю змясціліся шматлікія парафіяне і прыбылыя госці.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота
