У інтэрнэце з’явіўся новы сайт, прысвечаны святому Юзафу. На сайце swjozefmodlitwy.pl чытачы знойдуць перадусім малітвы да святога Юзафа, а таксама песні і артыкулы пра апекуна Святой Сям’і. На вэб-сайце таксама ёсць падкаст «Мужчынскі пункт гледжання» са святым Юзафам на заднім плане.
Новы інтэрнэт-партал, прысвечаны святому Юзафу, быў створаны для таго, каб яшчэ больш наблізіць сучасных людзей да постаці гэтага ўнікальнага святога.
Святы Юзаф. Заступнік, апякун і аўтарытэт.
— Мы жывем у часы, калі святы Юзаф можа быць выдатным аўтарытэтам для многіх людзей. Яго “біблейскае маўчанне” з’яўляецца красамоўным знакам у хаатычным і перанапружаным свеце. Зямны апякун Езуса вучыць нас слухаць голас Бога і давяраць Яму сярод штодзённай нявызначанасці. Яго прысутнасць у нашым жыцці, безумоўна, можа дапамагчы нам у вырашэнні праблем, з якімі мы змагаемся, — лічаць стваральнікі партала.
Малітвы да святога Юзафа і не толькі.
Сайт swjozefmodlitwy.pl адрозніваецца мінімалізмам, сучасным стылем і знешнім выглядам, адаптаваным да сучасных стандартаў. Ён складаецца з наступных катэгорый:
- малітвы (на сайце даступна больш за 50 малітваў, прысвечаных святому Юзафу);
- песні;
- блог з артыкуламі пра святога Юзафа;
- пра святога Юзафа (на гэтай укладцы сабрана найбольш важная інфармацыя і цікавосткі пра зямнога апекуна Езуса);
- падкаст «Мужчынскі пункт гледжання», у якім яго стваральнікі абмяркоўваюць асабліва важныя для мужчын тэмы, а ў цені кожнага эпізоду паўстае постаць св. Юзафа
Стваральнікамі партала swjozefmodlitwy.pl з’яўляюцца Томаш Капаньскі і Пётр Касяркі. Сайт знаходзіцца пад патранатам Кангрэгацыі Слуг Любові і партала DEON.pl.
Паводле deon.pl
пераклад Марыны Ткач
