Першы юбілей віцебскай супольнасці «Маці ў малітве»

22 кастрычніка супольнасць «Маці ў малітве» з парафіі святога Антонія ў Віцебску адзначыла свой 5-гадовы юбілей.

Назва гэтай супольнасці гаворыць сама за сябе. Мы молімся за дзяцей і ўнукаў сваіх, і не толькі за іх. Інтэнцый многа і мы ўпэўнены, што яны даходзяць да Бога.

На сустрэчу прыехала куратар суполак па Віцебскай дыяцэзіі Паліна Парфяновіч з Браслава, а таксама члены супольнасці «Маці ў малітве» з парафіі святой Барбары з Віцебска.

Пачну ўсё па парадку: спачатку быў ружанец з разважаннямі, затым была святая Імша за супольнасці «Маці ў малітве». Імшу цэлебраваў ксёндз Антон Лагунёнок, пробашч гэтай парафіі. Падчас пропаведзі святар выказаў свае меркаванні па стварэнню гэтай супольнасці: для чаго яна створана і якое значэнне мае прыклад бацькоў у працэсе выхавання сваіх дзяцей.

Потым усё маці з супольнасцей і жадаючыя далей маліцца супольна працягнулі традыцыйную малітву, як і падчас кожнай сустрэчы. Спачатку маліліся да Духа Святога, каб ён кіраваў нашай сустрэчай. Потым дзякавалі, прасілі прабачэння і праслаўлялі Пана Бога і Марыю. Пасля прачытанага ўрыўка з Евангелля, разважалі над Божым словам. На заканчэнне ў інтэнцыях прасілі аб супакоі ў свеце, за святароў, кіраўнікоў і кансэкраваных асоб.

Свае віншаванні даслалі біскуп Алег Буткевіч, куратар «Маці ў малітве» ў Беларусі Людміла Губіна і Ганна Лагунёнок з Лынтупаў.

Потым была невялікая сцэнка пад кіраўніцтвам сястры Антоніі, у якой «Анёлы» і сястра расказалі, як была створана першая, а праз некалькі год і другая супольнасць. Падсілкаваўшыся пачастункамі, матулі праверылі свае веды Божага слова ў конкурсе.

Маці шчыра дзякуюць пробашчу, сёстрам законным і ўсім, хто прычыніўся да ўдзелу ў падрыхтоўцы гэтага юбілею, а парафіянам і гасцям за прысутнасць, супольную малітву і падарункі.

Эма Ткачова

для друку для друку