Выпускнікі гродзенскай семінарыі 2005 года сустрэліся ў Пагошчы

21 верасня прайшла сустрэча выпускнікоў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне 2005 года. Такія сустрэчы яны праводзяць штогод.

Сёлета сустрэчу арганізаваў кс. Славамір Самковіч, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Пагошчы на Браслаўшчыне. Галоўным цэлебрантам святой Імшы, якая адбылася ў межах сустрэчы, быў кс. Вінцэнт Сяўрук, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі (Пінская дыяцэзія). Гамілію прамовіў кс. Павел Гардзейчык, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках (Гродзенская дыяцэзія).

На Імшы маліліся таксама кс. Ян Рушніцкі, дэкан дэканату Гродна-Захад і пробашч парафіі святых Станіслава і Максімільяна ў Каробчыцах; кс. Алег Пятрашка, дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у Гродне; кс. Артур Малафей, пробашч парафіі святога айца Піо ў Гродне; кс. Віктар Захарэўскі, пробашч парафіі святога Юрыя ў Варнянах; кс. Дзмітрый Несцер, часова вакантны; кс. Уладзімір Шымковіч, дэкан Докшыцкага дэканату і пробашч парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф’янаве; кс. Алег Півавар, пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце.

На заканчэнне малітвы парафіяне разам з дзецьмі ўручылі гасцям-святарам памятныя падарункі. Таксама вернікі падзякавалі свайму пробашчу кс. Славаміру за гэты святочны для іх парафіі дзень.

Выпускнікі гродзенскай семінарыі 2005 года служаць у трох дыяцэзіях Касцёла на Беларусі: 6 – у Гродзенскай, 3 – у Віцебскай, 3 – у Пінскай. Іх сустрэчы праходзілі кожны год, акрамя перыяду пандэміі каранавірусу, у парафіях, дзе яны служаць.

Grodnensis.by

для друку для друку