У першую гадавіну ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны, 24 лютага 2023 года, Папскі генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс узначаліць малітоўнае чуванне.
У Імшы, якая адбудзецца ў базіліцы святога Яна на Латэране, прыме ўдзел грэка-каталіцкі апостальскі экзарх Італіі, біскуп Дыянісій Ляховіч, а таксама прадстаўнікі многіх касцёльных супольнасцей і арганізацый, якія ўдзельнічаюць у прыёме і дапамозе ўкраінскім уцекачам.
Удзельнікі набажэнства звернуць свае малітвы і да іншых краін, якія знаходзяцца ў стане вайны. Кардынал Дэ Данаціс з непакоем адзначыў, што ў грамадскіх дэбатах зброя прапануецца як адзіны сродак аднаўлення міру. «Як людзі веры, мы не можам з гэтым пагадзіцца», — заявіў папскі вікарый.
Таксама каталіцкія біскупы Аўстрыі абвясцілі 24 лютага «днём малітвы, посту і салідарнасці» па ўсёй краіне. У многіх аўстрыйскіх храмах будуць цэлебраваць Імшы, на ўзроўні дыяцэзій запланаваны экуменічныя набажэнствы з удзелам прадстаўнікоў іншых Цэркваў.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
