Папа Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў Глабальнага моладзевага турыстычнага саміту, які з 27 чэрвеня па 3 ліпеня 2022 года праходзіць у італьянскім горадзе Сарэнта.
Звяртаючыся да моладзі, Пантыфік заўважыў, што час для турызму супадае з канікуламі ў навучальных установах, а досвед, які атрымліваецца ў гэты перыяд, становіцца запамінальным.
“Я ведаю, што некаторыя з вас выкарыстоўваюць гэты час не толькі для забаў і адпачынку, але таксама, каб добраахвотна прапанаваць сваю дапамогу ў ініцыятывах салідарнасці; іншыя – прысвячаюць сябе дробнай працы, каб дапамагчы ўласнай сям’і ці зарабіць на вучобу; яшчэ іншыя вылучаюць для сябе дні цішыні і малітвы, каб пабыць з Богам і атрымаць святло на сваім шляху”, — сказаў Папа Францішак.
“У кожным выпадку, заахвочваю вас добра і адказна выкарыстаць час, які маеце ў распараджэнні: менавіта так чалавек узрастае і рыхтуецца да прыняцця больш складаных заданняў. Дарагая моладзь, жадаю вам быць пасланнікамі надзеі і новага жыцця для будучыні”, — дадаў Пантыфік, вітаючы адрасатаў свайго паслання і ўдзяляючы ім сваё благаслаўленне.
Глабальны моладзевы турыстычны саміт (Global Youth Tourism Summit) праводзіцца па ініцыятыве Сусветнай турысцкай арганізацыі. У праграме гэтага міжнароднага сходу прадугледжаны канферэнцыі, майстар-класы, дыскусіі, якія даюць моладзі магчымасць падзяліцца марамі і ідэямі адносна развіцця турызму ў рамках Мэт устойлівага развіцця ААН да 2030 года.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
