Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” ўхваліў першы пакет неадкладнай дапамогі Украіне на агульную суму 1,17 мільёна еўра. Ён прадугледжвае фінансаванне 22 праектаў мясцовага Касцёла.
У першую чаргу дапамога прызначана для ўсходняй часткі Украіны, у прыватнасці, для чатырох экзархатаў Украінскай грэка-каталіцкай Царквы і дзвюх дыяцэзій лацінскага абраду: гаворка ідзе пра Харкаўскі, Адэскі, Данецкі і Крымскі экзархаты і Харкаўска-Запарожскую і Адэска-Сімферопальскую дыяцэзіі. Тут будуць ажыццяўляцца 9 праектаў на агульную суму ў 865 тысяч еўра. Астатнія рэсурсы адрасаваны заходнім рэгіёнам Украіны, у першую чаргу Луцкай дыяцэзіі, праз тэрыторыю якой праходзяць патокі эвакуіраваных, што накіроўваюцца ў Польшчу.
Сродкі будуць размеркаваны кожным біскупам у адпаведнасці з канкрэтнымі патрэбамі святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, многія з якіх клапоцяцца пра дзіцячыя дамы, дамы для састарэлых і цэнтры для самотных маці. У бліжэйшыя дні Папскі фонд намераны ўхваліць яшчэ адзін пакет дапамогі, які ахопіць 17 епархій Украінскай грэка-каталіцкай Царквы і 7 дыяцэзій Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду.
Разам з гэтымі ініцыятывамі Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” працягвае аказваць падтрымку святарам і кансэкраваным асобам, а таксама фінансаваць праекты неадкладнай дапамогі ва ўмовах пандэміі COVID-19. Фонд будзе працягваць збор ахвяраванняў, каб падтрымаць дабрачынную дзейнасць Касцёла ва Украіне на карысць насельніцтва, якое церпіць ад вайны.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
