Наша штодзённае жыццё на алтары. Як і чаму варта замаўляць інтэнцыю св. Імшы?

Ці ахвяра Імшы гэта нешта большае, чым асабістая малітва? Ці можна скласці інтэнцыю з просьбай, каб сусед зламаў нагу і, дзякуючы гэтаму, апамятаўся?

Мацвей быў пасля цяжкага разрыву адносін. Жэсты і непатрэбныя словы яшчэ ляталі пад столлю, а ўспаміны і эмоцыі перашкаджалі спакойна заснуць. І хоць іх намеры былі добрымі, боль ад прычынення адзін аднаму ранаў была велізарнай. Ён папрасіў прабачэння, але адчуваў, што гэта не моцна змянілася. Праз некалькі тыдняў мужчына пайшоў у парафіяльную канцылярыю, каб замовіць Імшу. За Агату, за прабачэнне. Адчувалася, што гэта лепшае, што ён мог зрабіць зараз. Маліўся за сябе і за яе. Цяпер, з пункту гледжання некалькіх гадоў пасля, ён кажа, што тады перажыў спакой у сэрцы і надзею. Ён хацеў, каб Бог прысутнічаў у гэтай складанай сітуацыі і дапамог ім выпрастаць розныя шляхі. З Агатай яны больш не кантактавалі, але Мацвей яшчэ шмат разоў маліўся за яе. З верай, што супольная малітва Касцёла прынясе добры плён.

Аднак гэта не зусім тыповая інтэнцыя св. Імшы. Часцей за ўсё, як паказвае вопыт многіх святароў, мы замаўляем Імшы за памерлых. На другім месцы інтэнцыі з нагоды гадавіны шлюбу ці нараджэння.

Ці можна замовіць Імшу ў любой інтэнцыі?

Мы можам прыйсці ў канцылярыю або закрыстыю з просьбай адправіць Імшу практычна ў любой інтэнцыі. Кодэкс кананічнага права вызначае, што замоўленая інтэнцыя павінна быць накіравана на дабро Касцёла, гэта значыць таксама супольнасці вернікаў.

Таму калі ў нас, напрыклад, канфлікт з суседам і мы хацелі б замовіць Імшу з просьбай, каб сусед зламаў нагу і такім чынам апамятаўся — гэта не атрымаецца. Але для таго ж суседа, нягледзячы на ​​канфлікт, мы можам замовіць Імшу з просьбай аб Божым блаславенні для яго.

Ёсць і так званыя спрэчныя інтэнцыі. «Гэта калі, напрыклад, хтосьці хоча замовіць Імшу за жыццё вечнае для Іосіфа Сталіна. Мы ведаем з пазіцый веры, што Касцёл нікога не асуджаў, невядома, ці навярнуўся Іосіф Сталін да Бога ў апошні момант. Але такая інтэнцыя ўнесла б згаршэнне, непаразуменне і злосць. У такіх сітуацыях святар можа прапанаваць цэлебраваць Імшу «у інтэнцыі Богу вядомай», не называючы канкрэтна», — тлумачыць кс. Дамінік Мацейчык, вікарый з Варшаўскай архідыяцэзіі.

«Мы таксама пазбягаем фармулявання такіх інтэнцый, якія маюць палітычны падтэкст. Хаця адна справа маліцца за кіраўнікоў, а іншая справа – казаць, што на выбарах пераможа канкрэтная партыя. Эўхарыстыя павінна быць камуніяй паміж удзельнікамі і камуніяй з Богам, яна не павінна раз’ядноўваць», — кажа кс. Яраслаў Гаўронскі, мадэратар Руху «Святло-Жыццё» ў Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі.

З каментарыя да Кодэкса кананічнага права, выдадзенага Люблінскім каталіцкім універсітэтам мы даведаемся, што фармулёўку, за каго фактычна будзе цэлебраваць Імшу, павінен вызначаць святар.

Інтэнцыі штодзённасці

“Вернікі вельмі рэдка ўсведамляюць, што можна замовіць Імшу ў інтэнцыях штодзённага жыцця”, — кажа кс. Дамінік Мацейчык. «Ёсць просьбы аб здароўі, часцей за ўсё, калі яго нехта губляе. Але калі справа даходзіць да, напрыклад, падзякі за гадавіну шлюбу або нараджэння дзіцяці, то гэта даволі рэдка. Гэта ўжо робяць людзі, якія больш ведаюць, што такое святая Імша», — тлумачыць святар.

Хаця бываюць і выключэнні. «У маёй былой парафіі бацька рэгулярна замаўляў Імшы ў гадавіны хросту кожнага свайго дзіцяці, ушаноўваючы Бога за гэты дар. Гэта ўжо высокі ўзровень разумення сутнасці Эўхарыстыі і веры», — кажа кс. Дамінік.

Падобная гісторыя вядомая кс. Яраславу Гаўронскаму. «Адны старэйшыя людзі (ва ўзросце каля 70 гадоў) кожны год у гадавіну свайго хросту замаўлялі інтэнцыю ў касцёле, дзе былі ахрышчаныя». Як ён кажа, «бывае і так, што дзядулі і бабулі моляцца за сваіх унукаў, ці то з нагоды іспытаў, ці то з нагоды дня нараджэння».

Бо падчас Імшы можна прасіць у Бога ўсё, што нас тычыцца. Аб прымірэнні з сябрам, аб большай любові да мужа ці жонкі, у намеры вырашыць канфлікт на працы, аб здачы на вадзіцельскія правы, аб пошуку будучых мужа/жонкі, аб паспяховай аперацыі, пошуку кватэры – усё тое, што з’яўляецца нашым штодзённым жыццём.

Але імшальныя інтэнцыі — гэта не толькі просьбы. Гэта таксама падзякі. За чарговы год сужанства, за нараджэнне дзіцяці, за здачу экзаменаў, за вырашэнне складанай справы…

«Часцей за ўсё просяць аб здароўі, бо гэта самае галоўнае. Тады я спрабую пагаварыць і прапаную, што вы можаце маліцца і аб іншых рэчах. Я пытаюся, ці ёсць у гэтага чалавека што-небудзь, што  яго зараз асабліва турбуе? І звычайна атрымліваецца, што людзі фармулююць самую звычайную інтэнцыю аб здароўі, а насамрэч у іх ёсць значна больш сур’ёзныя праблемы, пра якія яны і не думалі, што могуць быць прадстаўлены Богу», — кажа кс. Гаўронскі.

Як замовіць Імшу?

«Нават калі не цалкам мы ўмеем замаўляць Імшу, дастаткова прыйсці і сказаць святару, што ў нас ёсць інтэнцыя, але мы не ведаем, як яе сфармуляваць. Ксёндз абавязкова дапаможа нам выказаць гэта ў словах. Важна, каб гэта было проста і канкрэтна. Не трэба распавядаць кантэкст, дастаткова прадставіць сутнасць справы. У любым выпадку Бог будзе дакладна ведаць, што мы маем на ўвазе», — тлумачыць кс. Яраслаў Гаўронскі.

Аднак, калі мы не хочам, каб усе ў касцёле ведалі, у якой інтэнцыі цэлебруецца Імша, святар можа памаліцца «у інтэнцыі Богу вядомай». Але ўсё роўна «святар абавязаны спытаць, што гэта за інтэнцыя, каб не цэлебраваць Імшу ў злым намеры, што відавочна супярэчыць волі Божай», — кажа кс. Дамінік Мацейчык.

Навошта заказваць інтэнцыю святой Імшы?

«Цэлебруючы Эўхарыстыю, мы далучаемся да ахвяры Езуса, мы становімся яе ўдзельнікамі, часткай — прымаем у ёй удзел і такім чынам яднаемся «праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце» з Айцом. «Інтэнцыя» азначае, што, робячы гэта, мы просім Бога ўключыць у гэты саюз канкрэтнага чалавека — каб гэты саюз быў у першую чаргу яго ўдзелам», — патлумачыў кс. Міхал Любавіцкі.

Такім чынам, ахвяра Імшы з’яўляецца чымсьці большым, чым асабістая малітва? «Вядома, Бог не з’яўляецца закладнікам нашых намераў і тым больш тых ахвяр, якія мы складаем падчас запісу інтэнцыі. Таму, нельга магічным чынам сказаць, што калі інтэнцыя замоўлена, эфектыўнасць такой малітвы будзе большай. Але малітва будзе большая, калі іншых вернікаў, якія прысутнічаюць на гэтай Імшы, таксама просяць маліцца ў гэтай інтэнцыі. Такім чынам, Эўхарыстыя мае значэнне заступніцкай малітвы. І мы ведаем, што там, дзе двое ці трое сабраліся і моляцца ў адной інтэнцыі, там знаходзіцца і Дух Святы. Гэта можа быць прычынай перавагі такой малітвы», — тлумачыць кс. Яраслаў Гаўронскі.

Бо, як нагадаў Другі Ватыканскі Сабор, Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай і вяршыняй жыцця Касцёла, таму варта ўключаць у яе нашы асабістыя, штодзённыя справы.

Пераклад Марыны Сінкевіч
Паводле pl.aleteia.org

для друку для друку