Рэстаўрацыя касцёла Божага Цела ў Нясвіжы распачалася яшчэ ў 2010 годзе з рамонту даху. Комплексная праца працягваецца і зараз.
Падчас аднаўлення фасаду рэстаўратары знайшлі фрэскі канца XVI — пачатку XVII стагоддзя. Наступнае наслаенне датуецца XVIII стагоддзем.
Пробашч парафіі ксёндз Пётр Шарко адзначае, што пра фрэскавыя роспісы на сценах фасада ўпамінаюцца да 1812 года. Потым, у 30-ых гадах, у інвентарнай кнізе яны не ўказаны. Святар мяркуе, што Дамінік Радзівіл удзельнічаў у вайне 1812 года на баку Напалеона. З гэтай прычыны былі замаляваны фрэскі, каб касцёл не быў знішчаны, бо там было таксама шмат сімволікі Радзівілаў. Такім чынам святыня захавалася.
Святар расказвае, што ў часе рэстаўрацыйных прац былі зроблены зандажы і знойдзены слаі не толькі белага колеру. “Такія багатыя фрэскавыя роспісы на фасадзе – унікальная з’ява для Ўсходняй Еўропы”, — лічыць ён.
Сам фасад пакуль не зроблены да канца, працы будуць працягвацца да наступнага года. Пазней плануецца адрамантаваць званіцу, капліцу Булгарына і агароджу.
Ірына Радзевіч
