Парафіяне шукалі адабраны бальшавікамі абраз, які захоўваўся ў мясцовага жыхара. Напярэдадні ён убачыў сімвалічны сон…
8 верасня, калі Каталіцкі касцёл адзначае Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі, у рэчыцкай парафіі адбылася знакавая падзея. У касцёл вярнуўся каштоўны абраз Маці Божай Балеснай, які знаходзіўся тут да 1920-х гадоў, калі яго разам з іншай маёмасцю парафіі адабралі бальшавікі.
Цудоўную гісторыю вяртання абраза распавёў Katolik.life парафіянін Анатоль Шчучко. Менавіта ён прыклаў намаганні да таго, каб знайсці каштоўны абраз. Дарэчы, яму ж абавязана беларуская культура вяртаннем яшчэ аднаго абраза — Святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам пэндзля вялікага мастака Яна Дамеля.
— Мы ведалі, што раней у рэчыцкім касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай Балеснай – цяпер замест яго вісіць рэпрадукцыя. Абраз разам з іншай касцёльнай маёмасцю адабралі бальшавікі падчас так званай «рэквізіцыі». Але, па чутках, адзін чалавек захаваў яго. Доўгі час знайсці яго не атрымлівалася, але дапамог выпадак. Мясцовы жыхар прыйшоў у касцёл па працы, разгаварыліся з ім, і ён сказаў, што ведае чалавека, які захаваў абраз. Паехалі па адрасе, але аказалася, што той чалавек там ужо не жыве. Аднак суседзі падказалі, дзе яго шукаць — у вёсцы пад Рэчыцай. Накіраваліся туды.
Сустрэў парафіянаў 78-гадовы Іван Васільевіч Рудніцкі. Яго раней добра ведалі ў Рэчыцы, працаваў ён архітэктарам.
— Сустрэў ён нас нечакана — сказаў, ведае, чаму мы прыехалі, і распавёў, што напярэдадні ўбачыў знакавы сон. Спачатку не мог зразумець, да чаго ён, а пасля нашага прыезду адразу ўсвядоміў: трэба вярнуць абраз парафіі, — працягвае Анатоль Шчучко.
Аказалася, што знаёмы Івана Васільевіча быў адным з кіраўнікоў той самай «рэквізіцыі», і неяк прызнаўся яму, што замест таго, каб спаліць, забраў абраз дадому і схаваў за шафай. Захавалася і рама абраза — толькі ў яе ўжо ўклалі партрэт Сталіна. Праз нейкі час той чалавек пагадзіўся прадаць Івану Рудніцкаму абраз з рамай — гэта было ўжо ў 1980-х гадах. З таго часу архітэктар бярог абраз, вазіў яго разам з сабой, куды б не кідала яго праца. Казаў, што Маці Божая на абразе быццам жывая, таму з трапятаннем ставіўся да яго. Тым больш продкі Івана Рудніцкага — католікі.
Дакладных звестак пра абраз няма — ні пра аўтара, ні пра час яго напісання. Але раней мастацтвазнаўцы казалі Івану Васільевічу, што абраз адносіцца да Віленскай школы жывапісу 1850-х гадоў.
— Як казаў вядомы Блез Паскаль, «Выпадак — гэта псеўданім, пад якім Бог дзейнічае ў свеце», — сцвердзіў Анатоль Шчучко. А Маці Божая Балесная вярнулася на сваё месца ў рэчыцкай святыні. Абраз унёс у касцёл сам Іван Рудніцкі.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!