Сітуацыя хрысціян у Іраку ніяк не змянілася, яны па-ранейшаму не могуць вярнуцца ў свае дамы, адкуль іх выгналі джыхадзісты, і карыстацца поўным грамадзянствам, — адзначыў кардынал Луіс Рафаэль Сако.
Халдэйскі Патрыярх Вавілона падкрэсліў, што іракскія ўлады не выканалі сваіх абяцанняў, дадзеных Францішку. У прыватнасці, не распачаты рамонт храмаў, нічога не зроблена для аднаўлення рэлігійнага турызму.
Кардынал у даволі сумным ключы ацаніў эфекты гістарычнай пілігрымкі Папы. Ён падкрэсліў, што надзея, абуджаная гэтым візітам, усё яшчэ захоўваецца, але пачынае слабець пры адсутнасці хоць якіх-небудзь змен.
“Улады нічога не робяць, каб дапамагчы сасланым хрысціянам вярнуцца ў свае дамы, вярнуць маёмасць, захопленую мусульманамі. Гістарычна хрысціянскія раёны ўсё яшчэ знаходзяцца пад кантролем ісламскіх апалчэнцаў. Міжнародным арганізацыям надзвычай цяжка аказваць дапамогу”, — падкрэсліў іерарх.
Патрыярх вінаваціць у недахопе прагрэсу «палітыкаў, арыентаваных толькі на барацьбу за ўладу і грошы і зусім не зацікаўленых у дабрабыце краіны». Ён звярнуў увагу на неэфектыўнасць дзяржаўных інстытутаў, што дазваляе рознага роду ўзброеным групам усё яшчэ кантраляваць тэрыторыю, адбіраючы ў людзей шанс сацыяльнага і эканамічнага развіцця. Кардынал Сако таксама звярнуў увагу на сур’ёзную нявырашаную праблему – адсутнасць кантролю над гандлем зброяй.
Іракскі іерарх спадзяецца, што сітуацыю могуць змяніць запланаваныя на восень парламенцкія выбары, але, як ён адзначыў, гэта будзе няпроста, бо ў ісламе ўсё яшчэ цяжка аддзяліць палітыку ад рэлігіі.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
