Францішканін з Беларусі брат Віктар Мялешка OFMConv стаў святаром

29 мая ў санктуарыі святога Антонія Падуанскага ў Лодзі-Лагеўніках (Польшча) брат Віктар Марыя Мялешка OFMConv, беларус, разам з іншымі братамі францішканскай Правінцыі Маці Божай Беззаганнай прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.

Як інфармуе catholic.by, святарскае і дыяканскае пасвячэнні братам удзяліў дапаможны біскуп Лодзкай архідыяцэзіі біскуп Ірыней Пэнкальскі. Правінцыя францішканскага Ордэну папоўнілася трыма новымі святарамі і чатырма дыяканамі.

Айцец Віктар Марыя Мялешка OFMConv нарадзіўся ў Гродне, паходзіць з Гродзенскай францішканскай парафіі Маці Божай Анёльскай. Пасля заканчэння сярэдняй школы Віктар распачаў фармацыю ў Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных, дзе пасля дзевяці гадоў фармацыі прыняў святарскае пасвячэнне. Дыяканскую практыку праходзіў у францішканскай парафіі ў вёсцы Удзела (Віцебская дыяцэзія).

Айцец Віктар Мялешка OFMConv неўзабаве вернецца ў Беларусі, каб на радзіме служыць Богу і людзям у духу харызмы святога Францішка Асізскага.

Сабраты новапрэзбітэра запрашаюць ахінуць малітвай святарскае і манаскае жыццё маладога францішканіна.

Айцец Віктар Марыя Мялешка OFMConv другі злева

 

для друку для друку